Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцечка дакумэнтаў у Ватыкане. Кіраўнік аховы папы падаў у адстаўку


Папа Францішак, Рым

Галоўны ахоўнік Папы Рымскага Дамэніка Джані сышоў у адстаўку пасьля ўцечкі канфідэнцыйнага распараджэньня аб адміністрацыйных абмежаваньнях, накладзеных на некалькіх супрацоўнікаў Сьвятога Пасаду, што нанесла ім рэпутацыйную шкоду.

57-гадовы Дамэніка Джані «не нясе асабістай адказнасьці» за ўцечку, але пакінуў пасаду, каб не перашкаджаць сьледзтву, — гаворыцца ў заяве Ватыкану.

Дакумэнт, падпісаны кіраўніком Ватыканскай жандармэрыі, перадалі прэсе 2-га кастрычніка. Асоба, адказная за перадачу матэрыялаў, дагэтуль невядомая.

Папа Францішак сустрэўся з Джані. Ён выказаў падзяку за ягонае рашэньне і 20 гадоў «бясспрэчнай вернасьці і ляяльнасьці».

«Як кіраўнік я таксама саромеўся таго, што адбылося, — сказаў Джані. — З гэтай прычыны, заўсёды, калі я казаў, што гатовы аддаць жыцьцё, каб бараніць папу, я прыняў рашэньне перадаць свае абавязкі, каб ніяк не перашкодзіць рэпутацыі і дзейнасьці Сьвятога Айца».

Джані быў ахоўнікам трох папаў: Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і папы Францішка.

Новым камандуючым жандармэрыі папы прызналі 45-гадовага італьянца Гаўцы Бракалеці. Ён стаў ватыканскім жандарам у 1995 годзе, а з 1999 году адказваў за распрацоўку сеткі і тэхналёгій бясьпекі Ватыкану. Ён суправаджаў Папу Рымскага ў шматлікіх падарожжах, займаўся бясьпекай падчас летняга адпачынку Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI у Кастэль Гандольфа, належаў да шэрагу асобаў, адказных за кіраваньне тэхналягічнай бясьпекай падчас канкляваў у 2005 і 2013 гадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG