Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка ўнутраных войскаў. Хто гэта


Новы кіраўнік унутраных войскаў Юры Назаранка
Новы кіраўнік унутраных войскаў Юры Назаранка

Аляксандар Лукашэнка 15 кастрычніка прызначыў камандзірам Унутраных войскаў Беларусі і намесьнікам міністра ўнутраных справаў 43-гадовага Юрыя Назаранку, які раней кіраваў Спэцыяльным атрадам хуткага рэагаваньня (САХР) і штабам Службы бясьпекі Лукашэнкі.

Папярэдні кіраўнік унутраных войскаў Юры Караеў цяпер займае пасаду міністра ўнутраных справаў. Хто будзе кіраваць штабам Службы бясьпекі Лукашэнкі, не паведамляецца.

«Тое, што вы не кіравалі злучэньнямі, ня думаю, што гэта вялікая загана. Вам ня трэба будзе франтамі кіраваць — вам трэба будзе забясьпечыць парадак у краіне. Пры неабходнасьці, калі давядзецца задзейнічаць нашыя ўнутраныя войскі, — казаў Аляксандар Лукашэнка Юрыю Назаранку. — Ня дай Божа, што мы, людзі ў пагонах, усе пойдзем на фронт, калі пагроза будзе звонку».

Пра САХР кажуць як пра «спэцназ у спэцназе». Атрад быў створаны ў 1999 годзе для затрыманьня асабліва небясьпечных злачынцаў і сілавога прыкрыцьця праваахоўнікаў падчас спэцыяльных акцый. Першым кіраўніком быў Дзьмітры Паўлічэнка, якога праваабаронцы падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999–2000 гадах.

У 2016 годзе атрад рэарганізавалі ў асобную вайсковую частку 3214 унутраных войскаў. Па словах Назаранкі, байцы атраду «фактычна штодзень» выяжджалі на затрыманьні наркагандляроў.

Сам Назаранка пра сябе расказваў, што ягоная сям’я «паезьдзіла амаль па ўсім Савецкім Саюзе», бо бацька служыў у Вайскова-паветраных сілах, але пасьля распаду СССР Назаранкі вярнуліся ў Беларусь.

Назаранка закончыў беларускую вайсковую вучэльні, пасьля быў разьмеркаваны ў 1-ю роту спэцыяльнага прызначэньня ў той самай вайсковай частцы 3214, дзе служыў у 1997–2007 гадах. Па заканчэньні навучаньня ў Вайсковай акадэміі быў першым намесьнікам камандзіра вайсковай часткі 5526 у Берасьці. Пазьней, у 2010–2014 гадах, працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта, але вярнуўся ў САХР на пасаду камандзіра. Ад 2018 году кіраваў штабам Службы бясьпекі прэзыдэнта.

***

15 кастрычніка Лукашэнка таксама прызначыў новых кіраўнікоў Дубравенскага і Амсьціслаўскага райвыканкамаў, Маскоўскага раёну Менску, намесьніка старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасьці і Генэральнага консула Беларусі ў кітайскім Гуанчжоў. Акрамя таго, Лукашэнка заявіў, што «выбары заўсёды былі ў Беларусі сьвятам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG