Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі жыхарам шматкватэрных домоў давядзецца плаціць за цеплавую мадэрнізацыю


Ілюстрацыйнае фота

Пасьля цеплавой мадэрнізацыі старых жылых дамоў плата за энэргію павінна зьнізіцца ў 2-3 разы, сьцьвярджае намесьнік начальніка Менскага гарадзкога ўпраўленьня ў наглядзе за рацыянальным выкарыстаньнем цеплаэнэргарэсурсаў Дэпартамэнту энэргаэфэктыўнасьці Ігар Квасоўка ў інтэрвію «Минск-Новости».

Жыхары кватэр будуць плаціць за цеплавую мадэрнізацыю дамоў «ня менш за 50% ад затрат штомесяц роўнымі долямі на працягу 10 гадоў», згодна з указам «Аб павышэньні энэргаэфэктыўнасьці шматкватэрных жылых дамоў», які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 4 верасьня. Для малазабясьпечаных і сацыяльна ўразьлівых сем’яў тэрмін можа быць павялічаны да 15 гадоў.

Калі казаць пра больш канкрэтную суму, як адзначыў чыноўнік, «напрыклад плата сямʼі з трох чалавек, якая пражывае ў 2-пакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв. м, складзе за месяц адну базавую велічыню» (базавая велічыня на сёньня — 25,5 беларускіх рублёў). Памер аплаты вызначаецца прапарцыйна долi кожнага ўласьніка ў агульнай плошчы жылых памяшканьняў.

Рашэньне аб правядзеньні цеплавой мадэрнізацыі дамоў на добраахвотнай аснове прымаецца на агульным сходзе, калі за яго прагаласавалі больш за дзьве траціны ўласьнікаў кватэр. Паводле ўказу, уласьнікі будуць кампэнсаваць затраты толькі пасьля завяршэньня работ.

«Указ разьлічаны на сьвядомых уласьнікаў, якія ўмеюць лічыць свае грошы. Ён прадугледжвае прынцып добраахвотнасьці, але, калі ўласьнік не пагодзіцца, работы ўсё роўна будуць выконвацца. Адмова ад заключэньня дамовы ня вызваліць ад пакрыцьця затрат», — адзначыў Квасоўка.

У Менску цеплавую мадэрнізацыю плянуюць правесьці прыкладна ў 2 тысячах жылых дамоў (усяго ў сталіцы каля 7 тысяч дамоў), — яны маюць самы нізкі паказьнік энэргаэфэктыўнасьці, піша «Минск-Новости».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG