Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісьменьнікам быць недастаткова, трэба ўмець прадаць кнігу». Сяргей Календа пра краўдфандынг і маляваньне


Пісьменьнік і выдавец Сяргей Календа
Пісьменьнік і выдавец Сяргей Календа

Пра новы літаратурна-мастацкі праект Сяргея Календы і пэрспэктывы беларускага кнігавыданьня зь пісьменьнікам гутарыць пісьменьнік і журналіст Андрэй Дзічэнка.

— Сяргей, твая кніга «Часам панкі паміраюць» выйшла ў фінал прэміі Гедройця і атрымала асобную ўзнагароду «Выбар Сьвятланы Алексіевіч». Скажы, калі ласка, гэта неяк паўплывала на твае далейшыя творчыя планы?

— З «Панкамі» спачатку здарылася прэмія «Празрысты Эол» за найлепшую публікацю, і я тады быў на вяршыні шчасьця. А калі ў фінале Гедройця я атрымаў прэмію «Выбар Алексіевіч», я спачатку ня мог паверыць, здавалася, я трапіў у нейкі фільм. Я ўвесь вечар ня мог пазбавіцца адчуваньня, што назіраю за сабой з іншага ракурсу, недзе звонку на сябе гляджу і дзіўлюся.

Вядома, калі мінула некалькі дзён, і я асэнсаваў свой посьпех, зьявілася шмат сіл, энэргіі, ідэй і жаданьня пісаць далей.

Зразумела, што ня дзеля прэмій пішуцца кнігі, але гэта заўжды стымулюе і абнадзейвае.

— Бачу што ты цяпер зьбіраеш грошы на выданьне кнігі казак «Балтыйскія шкарпэткі». Хіба раней твае кнігі не друкаваліся ў выдавецтвах Галіяфы і Логвінаў?

— Так здарылася, што раней я займаўся толькі часопісам «Мінкульт» на сайце Ulej. Зьбіраў грошы на выданьне праз плятформу краўдфандынгавай кампаніі. Гэта было вельмі зручна, назьбіраць такую колькасьць чытачоў, каб выдаць нумар і яго раздаць, і не развозіць па кнігарнях.

Напрыклад, ёсьць 200 зацікаўленых у атрыманьні папяровага «Мінкульту», гэта ўжо выдатна для разьвіцьця літаратуры і прасоўваньня культурнага праекту, і гэтага дастаткова, каб пасьпяхова скончыць краўдфандынг.

Справа ў тым, што я шмат год, недзе больш за шэсьць, пісаў і маляваў кнігу кідалт [kids and adults — РС] гісторый «Балтыйскія шкарпэткі», і для мяне яна вельмі каштоўная, і я хачу, каб яна пабачыла сьвет з добрым накладам, каб праз збор сродкаў зьявілася больш чытачоў, каб усе ўбачылі карціны і набылі іх, каб апавяданьні былі прачытаныя ў часопісах, дзе друкаваліся, каб да выданьня кнігі адбыліся пэўныя падзеі, якія дапамогуць распаўсюдзіць інфармацыю пра «Балтыйскія шкарпэткі».

— Некаторыя лічаць краўдфандынг жабрацтвам…

— Насамрэч жабрацтва — гэта вулічная тэматыка з працягнутай рукой. Краўдфандынг — гэта сучасны спосаб, і дастаткова ўдалы, каб прадаць творчы прадукт мэтавай аўдыторыі, гэта важная дапамога для творчых праектаў.

Я ў сваю чаргу пішу, напрыклад, кнігу, і прапаноўваю яе перадзамовіць, альбо малюю для гэтай кнігі ілюстрацыі, і прапаную набыць карціны, каб надрукаваць кнігу. Абсалютна рыначныя адносіны — тавар, паслуга — продаж — пакупка.

Думаю, жабрацтвам гэта ўжо назваць немагчыма. Тым болей, на дадзены момант у сучасным грамадзтве зьяўляюцца рэчы, якія цалкам мяняюць гэты сьвет, і трэба ўмець гарманічна суіснаваць зь ім. Цяпер пісьменьнікам быць недастаткова, трэба ўмець прадаць сваю кнігу, зацікавіць чытачоў чымсьці большым за тэкст: гэта і дызайн, і гісторыя, і мастацтва, і нават калялітаратурныя гісторыі з жыцьця пісьменьніка — усё працуе на карысьць разьвіцьця кнігі.

Я не хачу заставацца дыназаўрам, не хачу каб ня мяне глядзелі як на чалавека эпохі, якая мінула. Я сучасны творца, і я хачу, каб мяне чыталі, набывалі мае кнігі… карціны. Вось, напрыклад, пасьля прэміі ад Сьвятланы Алексіевіч у фінале Гедройця я ведаю, што некаторыя мае карціны вырастуць у цане, а наклад кнігі «Часам панкі паміраюць» дадрукаваны і зноў прадаецца, абмяркоўваецца. І гэта добра, бо я не пішу ў стол, я пішу дзеля таго, каб мяне чыталі. І што таксама адметна, на краўдфандынгавай старонцы «Балтыйскіх шкарпэтак» пасьля прэміі Гедройця за суткі перадзамовілі кнігу каля дзясятка чалавек.

— У літаратурным асяродзьдзі цябе добра ведаюць, але ці ведаеш ты сам колькасьць сваіх чытачоў? Хаця б прыкладна?

— Ведаю, што з кожным годам, з кожнай новай кнігай у мяне зьяўляюцца новыя чытачы, бо я ня толькі пішу кнігі пра панкаў, але і дзіцячую літаратуру, і займаюся выданьнем часопіса, а гэта ў сваю чаргу пашырае чытацкую аўдыторыю.

Думаю, тут ёсьць хутчэй моўнае абмежаваньне. Некаторыя людзі, якія даведваюцца, што я пішу кнігі на беларускай мове, адразу пачынаюць распавядаць мне пра тое, што калісьці ў школе мову вывучалі, але даўно ёй не карысталіся, таму наўрад ці здолеюць прачытаць тое, што я напісаў. То бок некаторыя нават і не паспрабуюць пачаць чытаць, адразу «саскокваюць» у нейкія там «раней-у-школе-ведаў-цяпер-забыў-і-сорамна-пачынаць».

Сяргей Календа. Фота Алены Чэпак
Сяргей Календа. Фота Алены Чэпак


— Як у цябе атрымліваецца працаваць у розных жанрах?

— Магу дакладна сказаць, што ў мяне добра атрымліваецца працаваць у кароткай форме.

З жанрамі я да канца ня вызначыўся.

— Чаго не хапае ў беларускай літаратуры? Скажам так, для разьвіцьця?

— Беларускай літаратуры не хапае дзяржаўнай падтрымкі. Вось і ўсё.

У нас ёсьць шмат выбітных пісьменьнікаў, кляснай літаратуры, выдатных кніг, якія прадаюцца ў адной-дзьвюх кропках у Менску і ўсё. Я б хацеў, каб добрыя і густоўныя беларускія кнігі прадаваліся з кожнага шапіка на грамадзкім прыпынку. Вось тады будзе моцная падтрымка і разьвіцьцё.

— Якія пляны?

— Ведаеш. У свой час я зашмат распавядаў налева і направа пра свае пляны, ідэі, і праз гэта апёкся, калі некалькі маіх плянаў рэалізавалі іншыя людзі, таму скажу толькі, што я на дадзены момант працую над дзьвюма кнігамі, якія ўжо ня проста кнігі, але ператварыліся ў паўнавартасныя літаратурна-мастацка-гульнявыя праэкты.

А яшчэ я, вядома, спрабую працаваць над новымі нумарамі «Мінкульту». Часопіс будзе больш тэматычны. «Мінкульт» стане спартовым, калядным, фантастычным, вясёлкавым.

Плянаў шмат, і хочацца пасьпець усё рэалізаваць.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG