Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць 28 кітайскіх арганізацый і фірмаў


Ілюстрацыйнае фота. Плякат у падтрымку уйгураў у Кітаі

ЗША ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс 28 кітайскіх дзяржаўных установаў і прыватных фірмаў за датычнасьць да парушэньня правоў этнічных меншасьцяў, сярод якіх галоўным чынам уйгуры і казахі, якія насяляюць заходні рэгіён Кітаю.

Пад санкцыямі, сярод іншага, апынуліся Ўпраўленьне грамадзкай бясьпекі Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну КНР, 19 падпарадкаваных яму арганізацый, а таксама 8 кампаній, самая вядомая зь якіх — Hikvision, найбуйнейшы ў сьвеце вытворца сыстэм відэаназіраньня. Абмежаваньні будуць зьвязаныя з экспартам і рээкспартам, а таксама прадугледжваюць магчымасьць адмовы ў ліцэнзаваньні паставак.

У заяве Міністэрства гандлю ЗША гаворыцца, што аб’екты санкцый «былі замяшаныя ў парушэньнях правоў чалавека і злоўжываньнях у ходзе кампаніі Кітая, накіраванай супраць уйгураў ды іншых, пераважна мусульманскіх, этнічных меншасьцяў у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне». Унясеньне ў спэцыяльны сьпіс Мінгандлю ЗША цягне за сабой забарону на імпарт амэрыканскіх тэхналёгій без спэцыяльнага дазволу амэрыканскіх уладаў.

Кампанія Hikvision заявіла пратэст з нагоды гэтага рашэньня, падкрэсьліўшы, што некалькі месяцаў таму наняла спэцыяльнага дарадцу, амэрыканскага спэцыяліста ў галіне правоў чалавека, каб пераканацца, што яна дзейнічае ў рамках міжнародных нормаў.

У красавіку група амэрыканскіх заканадаўцаў заклікала адміністрацыю Трампа пакараць кітайскія кампаніі, «якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека». Паводле дадзеных ААН, у кітайскіх цэнтрах масавага ўтрыманьня пад вартай цяпер знаходзяцца больш за мільён уйгураў і іншых прадстаўнікоў мусульманскіх меншасьцяў, якіх утрымліваюць там дзеля «ідэалягічнага перавыхаваньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG