Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва «ўкраінскай справе» зьявіўся другі інфарматар


Дональд Трамп
Дональд Трамп

У справе аб імпічмэнце прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа зьявіўся другі супрацоўнік спэцслужбаў, які будзе сьведчыць супраць Трампа, паведамляе Reuters са спасылкай на інтэрвію адваката Марка Зэйда.

Зэйд прадстаўляе інтарэсы іншага супрацоўніка спэцслужбаў, які ў канцы верасьня падаў скаргу супраць Трампа празь яго тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у ліпені 2019-га.

Як сьцьвярджае адвакат, другі чалавек асабіста мае дачыненьне да размовы двух прэзыдэнтаў. Аб другім магчымым супрацоўніку спэцслужбаў, які будзе сьведчыць супраць Трампа 4 кастрычніка паведамляла амэрыканская газэта The New York Times са спасылкай на дзьве неназваныя крыніцы. Тады было толькі вядома аб тым, што гэты чалавек яшчэ разважаў, выступіць яму з афіцыйнай скаргай супраць прэзыдэнта ці не.

6 кастрычніка адвакат Зэйд заявіў, што другога супрацоўніка спэцслужбаў ужо дапытаў сьледчы аддзела ўнутранай бясьпекі.

Раней неназваны супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў, які праслухаў тэлефонную размову Трампа зь Зяленскім, палічыў, што прэзыдэнт ЗША паведаміў украінскаму лідэру нейкую інфармацыю, якая тычыцца нацыянальнай бясьпекі краіны і можа нанесьці шкоду ЗША.

Трамп назваў гэтыя публікацыі «фэйкавымі навінамі» і паабяцаў апублікаваць стэнаграму размовы, у якой, паводле яго слоў, не было ніякіх парушэньняў закона. У той жа час ён працягнуў настойваць на тым, каб Украіна і Кітай (у гэтых краінах меліся актывы Байдэна-малодшага), расьсьледавалі яго дачыненьне да карупцыі.

Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША заяўлялі, што такім чынам Трамп спрабуе ліквідаваць свайго асноўнага суперніка на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе — Джо Байдэна. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 24 верасьня ініцыявала расьсьледаваньне ў рамках працэсу імпічмэнту Трампа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG