6 кастрычніка ўкраінцы працягвалі пратэставаць супраць рашэньня ўладаў аб лёсе Данбасу паводле «формулы Штайнмаера».
На майдане Незалежнасьці ў Кіеве актывісты праводзяць акцыю «Спынім капітуляцыю», каб перашкодзіць «любой спробе ўладаў ухваліць рашэньні, якія прывядуць да паразы ў вайне з Расеяй».
Украніская служба Свабоды вядзе жывую трансьляцыю з акцыі.
Арганізатары на гэтым тыдні праз сацыяльныя сеткі заявілі, што гэта «грамадзкая акцыя» і заклікалі не выкарыстоўваць яе ў партыйных інтарэсах.
«Мы высунем уладам ультыматум і абмяркуем стратэгію і плян далейшых дзеяньняў. Вазьміце з сабой жоўты скоч і жоўтыя стужкі як сымбаль адпору капітуляцыі. Акцыя пройдзе выключна пад нацыянальнымі сьцягамі», — заявілі арганізатары.
З чаго пачаліся пратэсты
Пад вечар 1 кастрычніка стала вядома, што Ўкраіна пагадзілася на ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе паводле прапанаванага «нармандзкай чацьвёркай» пляну, вядомага як «формула Штайнмаера». Гэта значыць, што ўлады маюць напісаць новы закон пра асаблівы статус Данбасу. У выпадку дэмакратычнага правядзеньня мясцовых выбараў у «ДНР» і «ЛНР» пад кантролем АБСЭ ўлады Ўкраіны гарантуюць Данецкай і Луганскай абласьцям аўтаномны статус.
Гэтае рашэньне спадабалася ня ўсім. Некаторыя экспэрты кажуць, што «Ўкраіна прыняла расейскі сцэнар», і называюць гэта «капітуляцыяй» у вайне на Данбасе. Палітычнай згоды няма ў парлямэнце. Супраць выступіў сярод іншых папярэдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Увечары 1 кастрычніка некалькі сотняў пратэстоўцаў выйшлі ў Кіеве на плошчу Незалежнасьці, яшчэ каля сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і прыхільнікаў праварадыкальных сілаў у той вечар пікетавалі офіс прэзыдэнта, палілі дымавыя шашкі.
Галоўным лёзунгам пратэстоўцаў стала «„Не“ — капітуляцыі», хоць прэзыдэнт Зяленскі падкрэсьліваў, што Ўкраіна не пяройдзе ніводнай «чырвонай лініі» і ні пра якую капітуляцыю ня можа быць гаворкі.