Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыкварыят і шампанскае — кнігарня «Логвінаў» зладзіла ўлазіны на новым месцы


Улазіны ў кнігарні «Логвінаў»

Кнігарня «Логвінаў» урачыста адкрылася ў цесным суседзтве з крамай «Б/Уржуазныя каштоўнасьці» на вуліцы Караля, 22. Свабода падгледзела, як белыя кніжныя паліцы і вядомыя пісьменьнікі выглядаюць у новым інтэр’еры.

Улазіны зладзілі ўсяго праз два месяцы пасьля «вылазінаў» з культавага памяшканьня ў дворыку на плошчы Перамогі. Напярэдадні кнігарня абвясьціла конкурс на новае імя. Перамагла назва «Логвінаў: кнігі ды інтрыгі». Але, агучыўшы яе, Павал Касьцюкевіч кажа: «Мы экспэрымэнтавалі, але мы не гатовыя ўсё ж да такога».

Наста Грышчук (зьлева), Павал Касьцюкевіч (у цэнтры), Адам Глобус (справа)
Наста Грышчук (зьлева), Павал Касьцюкевіч (у цэнтры), Адам Глобус (справа)

У атачэньні антыкварных канапаў і з плястыкавымі кубачкамі шампанскага ў руках літаратары вялі нязмушаныя размовы. Седзячы на крэсьле са шляхотнага дрэва, Альгерд Бахарэвіч распавядае, як 18-гадовым патраціў першы ганарар на чабурэкі, піва і цыгарэты «Союз-Аполлон».

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева
Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева

Адам Глобус прызнаецца, як упершыню скраў кніжку, засунуўшы яе пад швэдар: твор братоў Стругацкіх — экзэмпляр падпіснога выданьня, які набыць можна было толькі па партыйных талёнах. У Ігара Бабкова пытаюцца: «Куды мы коцімся?».

Недзе страляе корак шампанскага. Валянцін Акудовіч расказвае, як у першай клясе, каб напісаць кнігу, скраў шарыкавую асадку, бо не хацеў пісаць чарнілам, — і запэўнівае, што пісьменьнікам можа стаць толькі чалавек зь някрэпкай псыхікай.

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

Столь ранейшай кнігарні ўпрыгожвалі імянныя зоркі ў гонар усіх, хто дапамог Логвінаву сплаціць штраф. У новым месцы павінны былі зьявіцца гіпсавыя адбіткі рук літаратараў на «Сьценцы славы». На жаль, гіпс занадта хутка застыў, не пакінуўшы на сабе нічога — дзеля адбіткаў правядуць асобную імпрэзу.

Прэзэнтавалі новую кнігу Адама Глобуса «Рысы»— збор успамінаў пра Караткевіча, Мулявіна, Анемпадыстава і іншых выбітных беларускіх дзеячоў.

Адам Глобус
Адам Глобус

«Гэтая кніжка — пра добрых людзей, правераных людзей, людзей культуры, — кажа Глобус. — І чым больш я працаваў над гэтай кнігай, тым больш мне хацелася напісаць наступную кніжку — “Мразі”. Пра людзей, для якіх нават слова “сУчасьнікі” — гэта занадта ляяльны падыход. Такую кнігу, якую нават віленскае выдавецтва пабаялася б выдаць. Кнігу, для якой не зрабіць ніводнай прэзэнтацыі. І я яе пакрысе пішу».

Улазіны ў кнігарні «Логвінаў»
Улазіны ў кнігарні «Логвінаў»

На завяршэньне культпраграмы дырэктарка Аляксандра Логвінава прадставіла «праект, у які ніхто ня верыць, што ён адбудзецца ў рэчаіснасьці». Гэта вандроўная кнігарня, якая мае аб’езьдзіць зь літаратурнымі імпрэзамі ўсе куткі Беларусі. Пасьля кожнага візыту кнігарня будзе дарыць мясцовай бібліятэцы ці інтэрнату стос кніг сучаснай беларускай літаратуры.

Аляксандра Логвінава
Аляксандра Логвінава

Першая вандроўка адбудзецца 5 кастрычніка: у Гальшаны на кнігабусе (ці букмабілі) выправіцца пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

Вандроўная кнігарня «Логвінаў»
Вандроўная кнігарня «Логвінаў»

На новым месцы кнігарня «Логвінаў» будзе працаваць з аўторка па пятніцу з 11:00 да 19:00.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG