Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абсалютная бздура чыноўнікаў». Што беларусы замежжа кажуць пра рашэньне не дапускаць іх да перапісу


Беларускі пашпарт, фота ©Shutterstock
Беларускі пашпарт, фота ©Shutterstock

Грамадзяне Беларусі, якія на пачатак кампаніі перапісу больш як год знаходзіліся на тэрыторыі замежных дзяржаў, у перапісе ўдзельнічаць ня могуць.

Беларуска ў Нігерыі: Праз адсутнасьць грошай нашы адсюль не выяжджаюць гада́мі

Аляксандра Папчанка
Аляксандра Папчанка

Аляксандра Папчанка апошнія чатыры гады жыве ў Нігерыі, працуе ў маркетынгу. Дарога дадому нятанная, таму часта наведвацца на радзіму не ўдаецца. Гэта «выкрэсьлівае» са статыстыкі тысячы такіх, як Аляксандра. І ёй ад гэтага прыкра.

«Якая можа быць рэакцыя? Канечне, адмоўная, — кажа Аляксандра Свабодзе. — Крыўдна за землякоў, якія ня трапяць у перапіс, бо насамрэч гэта вялікая колькасьць людзей. Можа, у Афрыцы беларусаў ня так шмат, як у Эўропе ці ў Амэрыцы, але яны ёсьць. Збольшага гэта жанчыны, якія тут замужам, жывуць па некалькі гадоў, не выяжджаючы ў Беларусь — проста ня маюць фінансавай магчымасьці. Пры гэтым маюць пашпарты, лічаць сябе беларусамі, і, упэўненая, ім будзе крыўдна пра гэта дазнацца».

Аляксандра Папчанка не зьбіраецца вяртацца дадому. Адзінае, ёсьць жаданьне зьмяніць краіну ў Афрыцы на іншую, дзе больш бясьпекі і лепшыя ўмовы побыту. Усё ж Нігерыя — ня самая камфортная краіна для жыцьця, кажа яна.

Беларус у Ізраілі: Мы ўжо дорага заплацілі, а нас пазбаўляюць права на важныя кампаніі

Захар Шыбека
Захар Шыбека

Доктар гістарычных навук, прафэсар Захар Шыбека ў 2012 годзе зьехаў у Ізраіль. Рэгулярна наведвацца ў родны Менск не выходзіць.

«Пакуль людзі захоўваюць грамадзянства Беларусі, яны павінны мець права голасу ў любым рэфэрэндуме, у любым перапісе, — перакананы навуковец. — Вялікая колькасьць фактычна мае падвойнае грамадзянства, хоць гэта і не афішуецца — іншай дзяржавы і Беларусі. І, паверце, дорага за гэта заплацілі, страціўшы, напрыклад, пэнсію, а цяпер яшчэ пазбаўляюцца магчымасьці ўдзелу ў такіх важных кампаніях, як перапіс насельніцтва. Таму лічу гэта вельмі несправядлівым рашэньнем».

Захар Шыбека салідарны з думкай некаторых калегаў, якія лічаць, што такім чынам улады намагаюцца нэўтралізаваць актыўную частку людзей, якія хай на ўзроўні хібнасьці, але здольныя дадаць галасоў у моўнае пытаньне.

«Не выключаю, што гэта зроблена дзеля таго, каб зьменшыць колькасьць галасоў за беларускую мову, — дапускае ён. — Прынамсі, нейкага іншага сэнсу я ня бачу. Так склаліся абставіны, што людзі апынуліся за мяжой, але яны працягваюць жыць Беларусьсю і ў любы момант могуць вярнуцца назад. Усё залежыць ад сытуацыі — і асабістай, і той дзяржавы, дзе яны жывуць. Гэтая норма ня мае ніякага глыбокага сэнсу, нават зыходзячы з законаў статыстыкі ды іншых меркаваньняў. Абсалютная бздура чыноўнікаў, пра матыў якой ні я, ні хто іншы дакладна ня скажа».

Паводле суразмоўцы, новае правіла ў перапісе не прыносіць дзяржаве ніякай карысьці, таму гэта, зь яго гледзішча, «суб’ектыўны выбрык».

Беларус ва Ўкраіне: Не даюць працаваць, перасьледуюць і ўрэшце выштурхоўваюць

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі

Доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі ўжо больш за 10 гадоў жыве і працуе ва Ўкраіне, ачольвае каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе». Быў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдынстытуту, вывучаў нэгатыўнае ўзьдзеяньне малых доз радыяцыі на арганізм. У 1999 годзе быў арыштаваны праз падазрэньні ў атрыманьні хабару і асуджаны.

Юры Бандажэўскі. Турма і здароўе. Парады прафэсара мэдыцыны

Праваабаронцы прызналі Бандажэўскага палітвязьнем, бо, на іх перакананьне, сапраўднай прычынай стала ягоная нязгода з палітыкай беларускіх уладаў у пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ў 2005 годзе пакінуў Беларусь. Спачатку зьехаў у Францыю, а потым перабраўся ва Ўкраіну.

Вывад пэўнай групы грамадзянаў за дужкі дзяржаўнай статыстыкі ацэньвае па-філязофску.

«Шчыра кажучы, ужо ніяк да падобных навацый ня стаўлюся, — кажа навуковец. — Лёгіка, на жаль, простая: няма чалавека — няма праблемы. Асабліва калі гаворка пра такіх, як я. Ёсьць дом, прапіска — справа адна. А як не даюць працаваць, перасьледуюць і ўрэшце выштурхоўваюць з краіны — хто будзе ўлічваць такога беларуса? Яго для ўлады проста няма. Па вялікім рахунку, шмат людзей жывуць за мяжой, цэлыя дыяспары, і іх даўно ня ўлічваюць. Яны самі па сабе, мэтраполія сама па сабе. Крыўдна, а што зробіш? Яны так прыдумалі, нашай думкай не цікавіліся».

Па адзіным нумары для пытаньняў аб перапісе насельніцтва, пададзеным на сайце Белстату, Свабодзе пацьвердзілі: калі грамадзянін Беларусі не знаходзіцца на тэрыторыі краіны больш за 1 год, ён у перапісе ня ўлічваецца.

На пытаньне, ці трэба такім людзям зьвяртацца ў беларускую амбасаду ў той ці іншай краіне, на тым канцы адказалі: «Ня трэба». Заўвага, што трэці пункт супярэчыць першаму — калі перапісу падлягаюць «грамадзяне Рэспублікі Беларусь» і няма ніякіх агаворак, то, трэба разумець, маюцца на ўвазе ўсе грамадзяне, — засталася без камэнтара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG