Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія не пагаджаецца ўводзіць эмбарга на беларускую электраэнэргію


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левіцам каля ўвахода ў прэзыдэнцкі палац у Вільні
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левіцам каля ўвахода ў прэзыдэнцкі палац у Вільні

Прэзыдэнты Літвы і Латвіі сустрэліся сёньня ў Вільні. Высьветлілася, што яны сыходзяцца ў меркаваньні наконт стандартаў бясьпекі БелАЭС, аднак прызнаюць, што адрозьненьні ў падыходзе да пытаньня блякаваньня імпарту электраэнэргіі з гэтай станцыі застаюцца —​ паведамляе delfi.lt

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што гэтая нязгода можа перашкаджаць адключэньню электрасетак Балтыйскіх краін ад постсавецкай сыстэмы і яе сынхранізацыі з ЛЭП Заходняй Эўропы.

«Пытаньне Астравецкай АЭС сапраўды балючае — мы трактуем адрозьненьне пазыцый па гэтым пытаньні як пэўную перашкоду ў рэалізацыі праекта сынхранізацыі», — заявіў Наўседа ў чацьвер на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левіцам.

Ён падкрэсьліў, што Літва прыме ўсе меры для прадухіленьня доступу беларускай электраэнэргіі на літоўскі рынак.

«Калі пазыцыі разыходзіліся б, то было б тэхнічна яшчэ складаней гэта зрабіць, але нягледзячы на гэта, мы гатовы гэта зрабіць», — сказаў Гітанас Наўседа.

Латвія адхіліла просьбы Літвы аб блякаваньні доступу электраэнэргіі з Беларусі, і літоўскія службовыя асобы заяўляюць, што электраэнэргія з БелАЭС зможа трапляць на рынак Балтыйскіх краін праз Латвію. Латвія сьцьвярджае, што пасьля ўвядзеньня Літвой эмбарга, яна па тэхнічных і эканамічных прычынах пяройдзе да гандлю электраэнэргіяй з Расеяй, а тэарэтычна праз Расею можа паступаць і электраэнэргія зь БелАЭС.

Латвійскі прэзыдэнт сказаў, што ўрад яго краіны цалкам ухваляе літоўскія патрабаваньні па забесьпячэньні бясьпекі АЭС у Астраўцы, аднак у яго «іншы падыход да тактыкі дасягненьня гэтай мэты». Паводле яго, гэтае пытаньне павінна быць вырашана, самае пазьней, да 2025 года, калі Балтыйскія краіны плянуюць рэалізаваць праект сынхранізацыі ЛЭП.

«Такім чынам, гаворка ідзе пра пяцігадовы пераходны пэрыяд да 2025 года. Адначасова варта старацца як мага хутчэй паменшыць гэтую праблему, па якой у нас розныя меркаваньні ў літоўскім і латвійскім урадах», — сказаў Эгілс Левіц.

«Мы заявілі, што ў нас аднолькавыя сумневы і клопаты ў тым, што зьвязана з бясьпекай станцыі. Бясьпека на першым месцы. Нашы пазыцыі ідэнтычныя. Вільня ўсяго ў 50 кілямэтрах, а Дзьвінск (Даўгаўпілс) у 110 кілямэтрах, таму ў гэтым выпадку няма вялікай розьніцы і ўрад Латвіі ўважліва сочыць за тым, каб выконваліся пытаньні бясьпекі», — дадаў латвійскі прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG