Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Менскі мясакамбінат ледзь ня страціў на экспарце больш за 150 000 даляраў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Менскага раёну выкрыла парушэньні заканадаўства ў ААТ «Менскі мясакамбінат», піша БелТА. Гаворка пра мільённыя (у расейскіх рублях) страты на экспарце прадукцыі.

Як сьцьвярджаць рэвізоры, мясакамбінат у пачатку 2018 году заключыў дамову з прадпрыемствам з Казахстану на пастаўкі мясной і каўбаснай прадукцыі, паўфабрыкатаў на ўмовах поўнай перадаплаты. Але «неаднаразова» адпускаў прадукцыю безь перадаплаты і прапаноўваў адтэрміноўку плацяжоў пры наяўнасьці запазычанасьці.

Праз гэта казахі ня выканалі абавязкі «ў суме больш за 10 млн расейскіх рублёў» (паводле сярэдняга курсу расейскага рубля на студзень 2018 году 10 млн расейскіх рублёў гэта прыблізна 177 тысячаў даляраў).

Аналягічную сытуацыю заўважылі ў сьнежні 2018 году ў дамовах з расейскай кампаніяй: спачатку адгрузілі прадукцыю, толькі на наступны дзень дамовіліся на поўную перадаплату і адразу далі адтэрміноўку плацяжу. Грошы ў выніку заплацілі толькі за частку тавару, на момант праверкі былі вінныя больш за 1 млн расейскіх рублёў (на сьнежань — каля 15 тысячаў даляраў).

Пракуратура паведаміла, што беларускае прадпрыемства зрабіла захады па скарачэньні запазычанасьці: расейцы цалкам вярнулі грошы, але казахі — толькі 400 тысячаў з больш як 10 млн. Па рэшце запазычанасьці пракуратура выставіла позву ў эканамічны суд.

Чатыры асобы зь Менскага мясакамбінату ўжо прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці (якой менавіта, не паведамляецца).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG