Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казёл дапамог міліцыі выявіць схованку браканьераў


Дваіх аршанцаў, якія лавілі рыбу сеткамі на Дняпры, затрымалі дзяржінспэктары Дубровенскага раёну. А пры вобшуку свойская жывёла аднаго з браканьераў выдала праваахоўнікам месцазнаходжаньне схаванай гаспадаром паляўнічай стрэльбы.

Супрацоўнікі Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі затрымалі двух жыхароў Оршы, якія лавілі рыбу сеткай у Дняпры на мяжы з Расеяй. З дапамогай яе мужчыны вылавілі 14 кг рыбы, што дастаткова для завядзеньня крымінальнай справы.

Як выявілася, адзін з затрыманых раней сам працаваў у органах прыроднай аховы, другі — дыплямаваны юрыст, тым ня менш пры затрыманьні ён не падпарадкаваўся дзяржінспэктару, выкінуў частку ўлову і паспрабаваў уцячы ўплаў.

Пасьля завядзеньня крымінальнай справы міліцыя правяла ў іхных дамах у вёсцы Барствінава ператрус і знайшла 28 рыбалоўных сетак, электравуду, тры камплекты абсталяваньня для электралавільных прылад, а таксама абрэз паляўнічай стрэльбы, зараджаны двума патронамі. Знайсьці схаваную зброю дапамог казёл: ён выкаціў з зацішнага месца плястыкавую бочку, у якой ляжаў абрэз.

Рыбакоў-нелегалаў узялі пад варту, яны ўжо заплацілі штраф 2600 рублёў. Прызначана экспэртыза зброі, бо яе мадыфікацыя таксама нагода для крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG