Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 110 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасьця


 Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр», архіўнае фота
Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр», архіўнае фота


22 верасьня а 12-й гадзіне на плошчы Леніна Берасьця ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года

Міліцыя праз мэгафон папярэджвала людзей аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Падчас сёньняшняй сустрэчы людзі абмяркоўвалі ход збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты на парлямэнцкія выбары чатырох актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведамляе БелаПАН.

Жыхар Бярозы, блогер, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў мае намер вылучацца па Берасьцейскай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, берасьцеец Раман Кісьляк — па Берасьцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, Алена Макарэвіч — па Берасьцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, жыхар Кобрыня Ўладзіміер Мароз — па Берасьцейскай-Памежнай выбарчай акрузе № 4.

Штодня з 18 верасьня актывісты праводзяць ня менш за шэсць пікетаў па зборы подпісаў.

Людзі, якія сабраліся, казалі пра тое, што многія людзі мэтанакіравана прыходзяць на пікеты для таго, каб пакінуць свой подпіс за аднаго з кандыдатаў. Яны адзначалі, што пікеты па зборы подпісаў прыцягваюць увагу людзей у тым ліку і таму, што праводзяцца пад жоўтымі сьцягамі, на якіх напісана слова «Жыць!», — гэта сымваль кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасьцем.

Раман Кісьляк
Раман Кісьляк


Праваабаронца Раман Кісьляк адзначыў, што з кожным днём збор подпісаў набірае абароты. «Пачало працаваць „сарафаннае радыё“ — людзі распавядаюць адзін аднаму пра пікеты, і праціўнікі будаўніцтва завода адмыслова прыходзяць, каб падпісацца за вылучэнцаў ад гэтай кампаніі», — сказаў ён.


Аляксандраў Кабанаў паведаміў: «Тым, хто падпісваецца за нашых вылучэнцаў, мы прапануем паўдзельнічаць з намі ў гэтай выбарчай кампаніі, у прыватнасьці падаваць дакумэнты для ўключэньня ва ўчастковыя камісіі або пайсьці назіральнікамі на выбарах. Многія людзі пакідаюць для гэтага нам свае кантакты».

Берасьцейцы пратэстуюць. Архіўнае фота
Берасьцейцы пратэстуюць. Архіўнае фота


Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.45, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG