Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ супраць «жоўтых камізэлек» у Парыжы


Парыж, 21 верасьня 2019

Паліцыя Францыі ўжыла для разгону «жоўтых камізэлек», якія пратэстуюць у Парыжы, сьлезацечны газ, паведамляе Reuters. Таксама ня менш як 130 чалавек у раёне Елісейскіх палёў былі затрыманыя.

Паведамляецца, што некаторыя з пратэстоўцаў уступілі ў сутычкі з паліцыяй, некаторыя ўзводзілі невялікія барыкады і падпальвалі іх.

Напярэдадні пратэстаў улады сьцягнулі да месца правядзеньня акцыі паліцыю. Паводле дадзеных парыскай прэфэктуры, ня менш як 7500 паліцэйскіх былі задзейнічаныя для аховы мерапрыемстваў.

Паралельна з акцыяй «жоўтых камізэлек» і руху анархістаў «Чорны блёк» у Парыжы праходзіць марш у абарону навакольнага асяродзьдзя і акцыя праціўнікаў пэнсійнай рэформы.

Шматтысячныя акцыі пратэсту, арганізаваныя «жоўтымі камізэлькамі», пачаліся ў сярэдзіне лістапада 2018 га з прычыны намеру ўладаў краіны ўвесьці падатак, які мог бы прывесьці да росту коштаў на аўтамабільнае паліва. Адным з ключавых патрабаваньняў пратэстоўцаў зьяўлялася павышэньне мінімальнай зарплаты.

Пасьля таго, як урад краіны зацьвердзіў мараторый на павышэньне паліўных падаткаў, мітынгоўцы сталі пратэставаць у цэлым супраць рэформаў ураду і прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Макрон паабяцаў падняць мінімальную зарплату на 100 эўра, адмяніць падаткі на звышурочную працу і прыняць яшчэ шэраг захадаў для палягчэньня становішча маламаёмных. Пратэсты не спыніліся, хоць колькасьць удзельнікаў значна зьнізілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG