Старшынём Лібэральна-дэмакратычнай партыі на зьезьдзе абраны Алег Гайдукевіч. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе заснавальніка партыі, свайго бацьку Сяргея Гайдукевіча, які стаў ганаровым старшынём ЛДП.
У камэнтары БелаПАН Алег Гайдукевіч адзначыў, што нягледзячы на пераемнасьць курсу, сама Лібэральна-дэмакратычная партыя зьменіцца. «ЛДП будзе іншай. Я прадстаўнік новага пакаленьня, у мяне сваё мысьленьне і ўяўленьні. Адбылася зьмена эпох, пераемнасьць», — сказаў ён.
Палітык дадаў, што на 90% зьмяніўся склад Вышэйшага савету Лібэральна-дэмакратычнай партыі і іншых яе кіраўнічых органаў.
На зьезьдзе партыя вылучыла 110 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. «Большасьць кандыдатаў — новыя людзі ў палітыцы», — сказаў новаабраны старшыня. Ён адзначыў, што на зьезьдзе была прынятая новая праграма, якая будзе прадстаўленая на сайце партыі найбліжэйшым часам. Палітык дадаў, што партыя выступае ў абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
Сяргей Гайдукевіч быў лідэрам Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі ад 1995 году. Удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015. Абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2004–2008).
Намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. 8 верасьня 2019 году Сяргею Гайдукевічу споўнілася 65 гадоў.
Алегу Гайдукевічу 42 гады. Юрыст, у 1998–2012 працаваў у праваахоўных органах Беларусі. У 2013 годзе быў абраны членам Вышэйшага савету Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, ад 2014 году быў першым намесьнікам старшыні партыі.