Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы vs іншаплянэтнікі. Сёньня меўся адбыцца «штурм» Зоны 51


Facebook-акцыя «Штурм Зоны 51, яны ня змогуць спыніць нас усіх» мае адбывацца ўжо сёньня. Чалавек, якому належыць гэтая ідэя, кажа, што гэта быў жарт. Аднак, гэты жарт, як выглядае, выйшаў з-пад кантролю: натоўп людзей ужо зьявіўся ў Невадзе.

Што вядома пра Зону 51


Зона 51 – сакрэтная амэрыканская вайсковая база на поўдні штату Нэвада, за 140 кілямэтраў на паўночны захад ад Лас-Вэгасу.

Што адбываецца ўнутры – надзвычайны сакрэт. Зона абгароджаная папераджальнымі знакамі зь відэаназіраньнем, па пэрымэтры – узброеныя ахоўнікі. Пералятаць праз зону таксама забаронена.


Зона 51 была створаная падчас халоднай вайны паміж ЗША і Савецкім Саюзам як аб'ект для распрацовак і выпрабаваньня самалётаў, у тым ліку выведных самалётаў U-2 і SR-71 Blackbird. Аднак да нядаўняга часу зона заставалася строга сакрэтным аб'ектам.

Існаваньне Зоны 51 улада ЗША прызнала толькі ў 2013 годзе. Гэтая зона неаднаразова згадвалася ў фільмах і сэрыялах – яе асацыююць з дасьледаваньнямі над іншаплянэтнікамі.

Павадле афіцыйных дадзеных, у Зоне 51 распрацоўваюць экспэрымэнтальныя лятальныя апараты і сыстэмы вытворчасьці.

Эні Якабсэн, якая пісала пра гісторыю Зоны 51, расказала Бі-Бі-Сі, што там выпрабоўваюцца некаторыя з самых перадавых у сьвеце праграм шпіянажу.


Ці ёсьць іншаплянэтнікі і лятучыя талеркі ў Зоне 51?

Сакрэтнасьць вакол Зоны 51 паспрыяла папулярнасьці многіх тэорыяў змовы.

Самая вядомая зь іх – сьцьвярджэньне, што ў зоне захоўваецца іншаплянэтны касьмічны карабель і целы пілётаў пасьля таго, як яны ў 1947 годзе разьбіліся ў Розуэле, штат Нью-Мэксыка.

Іншыя сьцьвярджаюць, што бачылі НЛА над зонай або побач зь ёй, а некаторыя кажуць, што іх выкралі іншаплянэтнікі і нават экспэрымэнтавалі над імі, перш чым вярнуць іх на Зямлю.

У 1989 годзе нехта Робэрт Лазар сьцьвярджаў, што працаваў з іншаплянэтнай тэхнікай у Зоне51. Ён сьцьвярджаў, што бачыў мэдычныя здымкі іншаплянэтнікаў і што ўрад выкарыстаў гэтую ўстанову для вывучэньня НЛА.

Area 51
Area 51

Асацыяцыяваньне Зоны 51 з іншаплянэтнікамі, магчыма, адцягнула ўвагу ад выведных службаў. «Яшчэ ў 1950 годзе ЦРУ распрацавала офіс НЛА для назіраньня за неапазнанымі лятучымі абʼектамі над Нэвадай. Калі людзі ўпершыню ўбачылі палёт самалёта-шпіёна U-2, ніхто ня ведаў, што ён бачыць, – кажа Якабсэн. – ЦРУ выкарыстала гэтую дэзінфармацыю ў сваіх інтарэсах, падтрымліваючы іншаплянэтную міталёгію».

Што адбудзецца, калі людзі пойдуць «штурмаваць» Зону 51

20-гадовы Мэці Робэртс стварыў "івэнт" ў Facebook, напісаўшы: «Мы можам бегчы хутчэй, чым іх кулі. Давайце паглядзім на іх, іншаплянэтнікаў». Два мільёны чалавек пазначылі, што «зьбіраюцца» далучыцца, хоць івэнт быў выдалены праз боязь «магчымай гуманітарнай катастрофы». Кіраўніцтва Зоны 51 выразна дае зразумець, што парушальнікі будуць спыненыя любымі спосабамі.

Узброеныя сілы ЗША папярэджваюць, што Зона 51 «зьяўляецца адкрытым палігонам для амэрыканскіх ВПС, і мы ня раім нікому спрабаваць увайсьці ў зону, дзе мы праводзім падрыхтоўку амэрыканскіх ўзброеных сіл».

Падрыхтавала Кацярына Ярэміч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG