Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Горват зноў стане дворнікам на адзін дзень


Андрусь Горват

Купалаўскі тэатар, каб адзначыць пачатак 100-га сэзону, ладзіць 21 верасьня першы тэатральны пікнік. І на ўвесь гэты дзень пісьменьнік Андрэй Горват вернецца ў дворнікі.

Сьвята пачнецца на галоўнай сцэне і працягнецца ў Аляксандраўскім сквэры. Па сквэры будуць гуляць пэрсанажы спэктакляў у арыгінальных касьцюмах, можна будзе фатаграфавацца зь імі, а таксама з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізытам спэктакляў. Там жа пакажуць онлайн-трансьляцыю спэктакля «Радзіва Прудок», выступяць беларускія музыкі.

У ролі дворніка выступіць Андрэй Горват — пісьменьнік, які раней сапраўды працаваў дворнікам у Купалаўскім. У яго можна будзе падпісаць кнігу, зрабіць зь ім сэлфі і патрымаць мятлу на ўдачу.

«Карацей, у суботу я на сваім працоўным месцы, не праходзьце міма! Такога болей ніколі ня будзе», — напісаў Горват у сваім Facebook.

Апроч таго, госьці змогуць пачаставацца ў вулічным буфэце, зрабіць сабе вусы, як у маладога Купалы, прагуляцца па тэатральным закулісьсі, атрымаць запрашэньні на закрытыя паказы спэктакляў і нават шанец выйсьці на сцэну Купалаўскага.

На сцэне выступяць купалаўскі аркестар і сучасныя музыкі: гурты ili-ili, «Касіяпэя», Ягор Забелаў, Святлана Бень ды іншыя.

Праграма пачнецца апоўдні і працягнецца да позьняга вечара. На пікнік запрашаюць усіх ахвотных і раяць узяць з сабою пледы. Уваход для ўсіх вольны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG