Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Украіны распавёў пра магчымасьць злучыць водным шляхам Балтыку і Чорнае мора празь Беларусь


Аляксей Ганчарук
Аляксей Ганчарук

Украінская ўлада разглядае магчымасьць праекта па аб'яднаньні водных шляхоў ад Чорнага да Балтыйскага мора. Пра гэта прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук заявіў 14 верасьня ў ходзе штогадовай сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі (YES) «Шчасьце цяпер. Новыя падыходы для сьвету ў крызысе».

«Нам трэба паспрабаваць пабудаваць, злучыць водным шляхам, напрыклад, Балтыйскае і Чорнае мора. Гэта абсалютна рэальна. Ёсьць сорак водных шляхоў, пра якія трэба дамовіцца зь Беларусьсю і з Польшчай. Для гэтага нам трэба выбудоўваць канструктыўныя адносіны. І мы пачалі ўжо гэта рабіць», - сказаў старшыня ўкраінскага ўрада.

Аляксей Ганчарук падкрэсьліў, што трэба выйсьці за тыя рамкі, якія былі апошнія пяць гадоў.

«Трэба паглядзець у бок новых магчымасьцяў, якія зробяць Украіну мацней», - сказаў Аляксей Ганчарук.

Гісторыя праекту

У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аб аднаўленьні воднага шляху Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.

Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі дарожную мапу рэалізацыі гэтага праекту.

Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора – Гданьск – Дняпро – Чорнае мора» неабходна паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС – Ніжнія Жары.

Магчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьня воднага шляху Е-40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.

Падрыхтоўчыя працы ва Ўкраіне стрымліваў брак новага закону аб унутраным водным транспарце. Пасьля прызначэньня новага ўраду прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў парлямэнту і ўраду да 1 лістапада ўхваліць гэты закон.

Адразу пасьля абвяшчэньня плянаў аб аднаўленьні воднага шляху Е40 каля 20 недзяржаўных экалягічных арганізацый Беларусі, Польшчы і Ўкраіны разгарнулі кампанію #STOP_E40. Пазьней беларускія бізнэс-асацыяцыі (Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. C. Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя) неаднаразова заклікалі ўрад адмовіцца ад рэалізацыі гэтага праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG