Сын заснавальніка тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» Усамы бін Ладэна Хамза бін Ладэн забіты ў выніку спэцапэрацыі Злучаных Штатаў. Пра гэта ў суботу заявіў Белы Дом, пацьвердзіўшы ранейшыя паведамленьні прэсы.
Як сьцьвярджаецца, Хамза бін Ладэн, які ўваходзіў у кіраўніцтва «Аль-Каіды», быў забіты на тэрыторыі паблізу мяжы Пакістана і Афганістана. Калі гэта адбылося, у заяве, апублікаванай ад імя прэзыдэнта Дональда Трампа, не гаворыцца. Не прыводзяцца і падрабязнасьці апэрацыі.
Як сказана ў заяве, гібель сына бін Ладэна ня толькі аслабіць кіраўніцтва «Аль-Каіды» і пазбавіць яе важнага сымбалю, але і парушыць ўзаемадзеяньне групоўкі зь іншымі тэрарыстычнымі групамі.
Амэрыканскія СМІ паведамлялі аб гібелі Хамза бін Ладэна яшчэ ў жніўні, спасылаючыся на крыніцы ў адміністрацыі.
Раней у гэтым годзе дзярждэпартамэнт ЗША характарызаваў Хамза бін Ладэна, якому, як мяркуецца, было трыццаць зь нечым гадоў, як «меркаванага» пераемніка свайго бацькі ў тэрарыстычнай групоўцы «Аль-Каіда». За інфармацыю, якая б прывяла да затрыманьня бін Ладэна ЗША, прызначылі ўзнагароду ў мільён даляраў.
Хамза бін Ладэн разьмяшчаў у інтэрнэце гукавыя і відэаматэрыялы з заклікамі да сваіх пасьлядоўнікаў учыняць напады на Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў.
Усаму бін Ладэна ў Злучаных Штатах лічаць галоўным арганізатарам тэрактаў 11 верасьня 2011 года, ахвярамі якіх сталі каля 3 тысяч чалавек. Лідэр «Аль-Каіды» быў забіты амэрыканскім спэцназам у Пакістане ў 2011 годзе.