Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 90 год з дня нараджэньня Арлена Кашкурэвіча. Ён зрабіў «бачнымі» творы Быкава, Караткевіча, Гусоўскага


Арлен Кашукрэвіч, фота Яўгена Коктыша

15 верасьня cпоўнілася б 90 год Арлену Кашкурэвічу — выбітнаму беларускаму мастаку, аўтару графікі да кніг Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча. Пра ягоны «паўночны» характар, любоў да більярду і Ніцшэ і нелюбоў да сучаснага гораду распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч быў адным з найлепшых графікаў, якія афармлялі тагачасныя кнігі. Ён шчыльна працаваў з Васілём Быкавым і Ўладзімерам Караткевічам, хоць да асобы апошняга ставіўся крыху іранічна, што не перашкаджала, аднак, шанаваць пісьменьніцкі талент.

Але ж зь літаратарамі даводзілася інтэлігентна спрачацца: яны не заўсёды разумелі ягоную мастацкую мову, чакалі ілюстратыўнасьці. А Кашкурэвіч заўжды працаваў «па матывах», ствараючы на кніжных старонках уласны мастацкі твор: ён лічыў сябе су-аўтарам і абражаўся, калі хто называў яго ілюстратарам.

У ХХ стагодзьдзі Францішак Скарына стаў сымбалем беларушчыны, а беларусы пачалі ўяўляцца нацыяй, што стаіць ля вытокаў кніжніцтва і кніжнай графікі, — кажа Сяргей Харэўскі. Беларуская ж школа графікі здабыла адметнасьць менавіта спробай рэінкарнаваць сярэднявечныя традыцыі. Кашкурэвічу тут належыць асаблівая роля.

«Паказальны зварот Кашкурэвіча да творчасьці Міколы Гусоўскага, — кажа Харэўскі. — Ягоная экспрэсіўная, суровая графіка ня проста апэлявала да сярэднявечных матываў. Яна зрабіла твор жывым, адаптавала яго да сучаснасьці, зрабіла зразумелым, у тым ліку і ў візуальным шэрагу. Гэта і ёсьць адна з прыкметаў беларускай нацыянальнай школы графікі ХХ стагодзьдзя. Гэта спроба, унікаючы палітычнай вульгарызацыі, якой вельмі цяжка было пазьбегнуць, распавесьці вечныя ісьціны, якія па-за вузкім лякальным савецкім кантэкстам».

«Каб яму давялося яшчэ раз рабіць „Фаўста“, ён надаў бы яму падабенства з Андрэем Сахаравым»

Кашкурэвіч меў вялікую цікаўнасьць да нямецкай культуры, любіў Ніцшэ. Ён захапляўся плястыкай, а ў нейкі момант амаль сышоў у прафэсійную акрабатыку.


«Ён бачыў дасканаласьць у пераадоленьні, ва ўзвышэньні над болем, над бедамі, над слабасьцямі, — тлумачыць Харэўскі. — Прарываньне скрозь цёмную матэрыю, праз тоўшчы бруду, каламуці некуды ў вечнасьць. Так і ягоныя ваенныя вобразы не выклікалі непрыманьня з боку вэтэранаў. Вайна — гэта бруд, гэта фізычныя пакуты, ланцуг змрочнай, цяжкай штодзённай працы».

Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да рамана Івана Пташнікава «Найдорф» (1976)
Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да рамана Івана Пташнікава «Найдорф» (1976)

«„Фаўст“, створаны ім у 70-я, у час ягонага творчага росквіту, — адзін з шэдэўраў эўрапейскай кніжнай графікі. А для любога мастацтва істотны кантэкст: гэтая графіка стваралася на зломе эпох, а гэта і аўганская вайна, і гонка ўзбраеньняў, і такая ненавісная яму мілітаршчына. Нават у ягоных рыцарскіх вобразах няма нічога рамантычнага — усе яны нялюдзкія, трымаюць у руках зброю для забойства, для крывапіўства», — кажа Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч. Генацыд. 1988 г.
Арлен Кашкурэвіч. Генацыд. 1988 г.

«Ён доўга разважаў, што каб яму давялося яшчэ раз гэта рабіць (аздабляць „Фаўста“ Гётэ. — РС), ён надаў бы Фаўсту партрэтнае падабенства з Андрэем Сахаравым — чалавекам, які стварыў атамную бомбу».

Ілюстрацыя да «Фаўста» Гётэ (1991)
Ілюстрацыя да «Фаўста» Гётэ (1991)

«Ісьляндыя — амаль выдуманая краіна, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны»

Першай, дыплёмнай працай Кашкурэвіча было аздабленьне твору «Атамная станцыя» ісьляндзкага пісьменьніка Гальдаўра Лякснэса. Тэма твору і графічны малюнак адлюстроўвалі тагачасны сусьветны жах і прадчуваньне глябальнай катастрофы. Пэсымістычны, суворы інтравэрт, нон-канфарміст Арлен Кашкурэвіч — а нарадзіўся ён яшчэ да вайны і перажыў сталінскія часы — марыў пра Ісьляндыю як пра звышкраіну, дзе няма месца слабасьці і неэстэтычнасьці.

«Ісьляндыя — гэта такая краіна, якую няма як памацаць, — разважае Сяргей Харэўскі. — З прычыны сваёй далёкасьці, гісторыі, прыродных умоў — амаль выдуманая. Гэта была як Зямля абяцаная для яго, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны. Гэтага сьвербу зь лепкай новага чалавека. Ён казаў: „З чаго яны яго там зьлепяць? З гумы? З плястыку? Дзе гэты новы чалавек?“»

Ілюстрацыя да рамана «Халдара Ласкнэса», 1959
Ілюстрацыя да рамана «Халдара Ласкнэса», 1959

Арлен Кашкурэвіч — карэнны мянчук, які моцна, ад усяго сэрца не любіў зьмены ў родным горадзе. Паскоранае зьнішчэньне старога і ўзьвядзеньне новага ён параўноўваў з акупацыяй — у першую чаргу таму, што забудову праводзілі, ня дбаючы ані пра пачуцьці жыхароў, ані нават пра здаровы архітэктурны сэнс.

«У яго ёсьць вялікая тэма „Горад“, якую ён распрацоўваў усё жыцьцё, — кажа Харэўскі. — Ён спрабаваў розныя ў гэтай тэме шукаць вобразы нейкіх такіх наварочаных тэхнічных нялюдзкіх элемэнтаў, пад’ёмных кранаў, гіганцкіх пад’ёмных канструкцый, несумаштабных чалавеку. Там чалавечкі такія, як мурашкі, і ў гэтым няма аніякага зачараваньня гэтай усёй негуманістычнай атмасфэрай, негуманным асяродзьдзем, якое паўставала».

Арлен Кашкурэвіч. Чалавек у ліфце. 1980-я гады
Арлен Кашкурэвіч. Чалавек у ліфце. 1980-я гады

«Ён мог быць мякка іранічны»

Ад вонкавага кашмару Кашкурэвіч ратаваўся ў більярднай. У тыя часы гэта была далёка ня масавая забаўка, а буржуазны, элітарны занятак не для ўсіх, бо патрабаваў ён шмат тэхнічных нюансаў: більярдныя шары рабіліся са слановай косьці, кіі — з пэўных гатункаў дрэва, а більярдныя сталы — з дубу; сам стол павінен быць наладжаны да ідэальнай роўнасьці, настройвацца амаль як раяль. У Менску ў тыя часы было 3–4 прафэсійныя більярдныя сталы.

Арлен Кашкурэвіч быў чалавекам веруючым. Ён не хадзіў штонядзелі да споведзі, але ўсё жыцьцё чытаў кнігі Бібліі, мог на памяць прачытаць Эклезіяста. А напрыканцы жыцьця аздобіў Саламонаву Песьню песьняў — па словах Харэўскага, гэта была спроба пабыць урэшце лірыкам, хоць лірыкам ён ніколі ў жыцьці ня быў.

Адметнай была нават зьнешнасьць Кашкурэвіча — высокі лоб, прамы нос, доўгія, як у піяніста, пальцы, доўгія валасы, — зьвяртае ўвагу Сяргей Харэўскі.

«Гэта ўзор манеры без манернасьці стасункаў з калегамі, — упэўнены мастацтвазнаўца. — Ён мог быць крышачку мякка іранічны, але гэта не перадаецца, вы гэтага не прачытаеце. Ён мог гэта проста перадаць усьмешкай, пагладзіць брыво, зрабіць нейкі жэст. І нідзе ніхто не засьведчыць, што ён пра некага нешта кепскае сказаў. Нават пра людзей, якія яму былі глыбока і абсалютна чужыя, тых, хто рваўся за мэдалямі, за званьнямі ў партыі, лезьлі ў прэзыдыюм. Яму гэты сьвет быў абсалютна чужы».

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменьнік Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша
Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменьнік Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

У Менску няма асобнага музэю Кашкурэвіча, хоць Сяргей Харэўскі ўпэўнены: такая экспазыцыя была б адной з самых наведвальных у нашым горадзе. Дзяцей зацікавіў бы станок, любы замежнік зразумеў бы мову экспрэсіўнага выяўленчага мастацтва, выпадковыя наведнікі маглі б азнаёміцца з графікай кніжнай і станковай (асобныя графічныя творы, якія ня маюць сувязі зь літаратурным тэкстам. — РС), а аматары зацікавіліся б эстампамі (адбітак на паперы з дапамогай друкарскай формы. — РС), разцамі, пэндзлямі і алоўкамі майстра, ягонымі малюнкамі вугалем, яго партрэтамі аўтарства найлепшых беларускіх фатографаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG