Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мясаедаў інфаркты, у вэгетарыянцаў — інсульты


Шматгадовае дасьледаваньне оксфардзкіх навукоўцаў выявіла, што вэганскія і вэгетарыянскія дыеты зьніжаюць рызыку разьвіцьця сардэчных захворваньняў, але могуць павялічыць рызыку інсульту.

Ход 18-гадовага дасьледаваньня

Дасьледаваньне абагульніла дадзеныя 48 188 чалавек, якія ня мелі гісторыі хваробы сэрца і інсульту на пачатку дасьледаваньня. Сярод іх 24 428 мясаедаў, 7 550 пэскатарыянцаў (ужываюць рыбу, але ня мяса) і 16 254 вэгетарыянцаў, у тым ліку вэганаў (іх прыйшлося аб’яднаць з вэгетарыянцамі з прычыны невялікай колькасьці).

За кожным з гэтых людзей навукоўцы назіралі на працягу 18 гадоў: удзельнікі запаўнялі анкеты з мноствам пытаньняў пра сваю дыету, вагу і рост, артэрыяльны ціск і іншыя парамэтры.

Таксама зьбіралася статыстыка іх зваротаў у мэдычныя ўстановы. Увогуле было зарэгістравана 2 820 выпадкаў ішэмічнай хваробы сэрца і 1072 выпадкаў інсульту.

Вынікі

Маштабнае дасьледаваньне паказала, што людзі, якія трымаюцца вэгетарыянскай дыеты, на 22% менш схільныя захварэць на сэрца, чым мясаеды (пэскатэрыянцы — на 13%).

Гэта значыць, што з 1000 вэгетарыянцаў за 10 гадоў з захворваньнямі сэрца сутыкнецца на 10 чалавек менш, чым сярод тых, хто ўжываюць мяса: 36 супраць 46.

Дасьледчыкі адзначаюць, што больш нізкія паказчыкі ішэмічнай хваробы сэрца ў пэскатарыянцаў і вэгетарыянцаў, чым у едакоў мяса, часткова зьвязаны са зьніжаным індэксам масы цела і зьніжанымі паказчыкамі высокага ціску і халестэрыну.

Аднак ёсьць і дрэнная навіна для вэгетарыянцаў: яны на тыя ж 20% больш схільныя перажыць інсульт, чым мясаеды, што можа збольшага быць зьвязана зь недахопам вітамінаў.

Халестэрын усё ж шкодны

Новае дасьледаваньне пацьвярджае ўжо заўважаную раней сувязь паміж нізкім узроўнем ліпапратэінаў нізкай шчыльнасьці («дрэнны халестэрын») і павышанай рызыкай хваробаў.

Аднак мэханізм, які ляжыць у аснове гэтай сувязі, пакуль няясны.

Галоўная выснова

Галоўная выснова навукоўцаў — выбар мясной або расьліннай дыеты, па сутнасьці, не ўплывае на ўзровень сьмяротнасьці, хоць вэгетарыянства і вэганства, бясспрэчна, маюць станоўчы ўплыў на навакольнае асяродзьдзе.

Падрыхтавала Кацярына Яроміч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG