Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бралі хабар алькаголем і харчамі». У Магілёве асудзілі кіраўнікоў абласной інспэкцыі маламерных суднаў


У Магілёве асудзілі кіраўнікоў абласной інспэкцыі па маламерных судах
У Магілёве асудзілі кіраўнікоў абласной інспэкцыі па маламерных судах

Дваіх службоўцаў Дзяржаўнай інспэкцыі маламерных суднаў Магілёўскай вобласьці асудзілі за злоўжываньне ўладаю, хабарніцтва, службовы падлог. Зацікаўленыя ў спрыяльным вырашэньні пытаньняў разьлічваліся зь імі алькагольнымі напоямі ды харчамі.

Каго асудзілі?

Начальнік інспэкцыі Сяргей М. асуджаны Ленінскім судом Магілёва на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, штраф 7650 рублёў (300 базавых велічыняў) і пазбаўлены на 5 гадоў права займаць кіроўныя пасады. Ён таксама прызнаны вінаватым у незаконных дзеяньнях з выбуховымі рэчывамі.

Ягоны падначалены Міхаіл М., які займаў да арышту пасаду інспэктара ведамства, асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго таксама аштрафавалі на 7650 рублёў (300 базавых велічыняў) і пазбавілі права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Што рабілі абвінавачаныя?

Як вынікае з агучанага 10 верасьня прысуду, абвінавачаныя, загадзя змовіўшыся з карысьлівых інтарэсаў, на працягу жніўня–лістапада 2018 году за «ўзнагароджаньне»:

  • Залічвалі ўладальнікам экзамэны па тэарэтычных і практычных ведах кіраваньня і эксплюатацыі лодак ды выдавалі адпаведныя пасьведчаньні. Пры гэтым практычныя веды не правяраліся, бо для гэтага не было ўмоваў. Абодва ўваходзілі ў склад экзамэнацыйных камісій: начальнік інспэкцыі за старшыню, а яго падначалены за сакратара;

    Зьмяншалі суму штрафаў тым, хто парушаў правілы карыстаньня і эксплюатацыі маторных маламерных суднаў альбо выстаўлялі неіснуючыя абвінавачаньні і страшылі пакараньнямі, каб тыя пагадзіліся на меншы штраф. Абодва мелі права складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях;

  • Рэгістравалі лолдкі без фактычнага іх агляду ды ўносілі несапраўдныя зьвесткі ў дакумэнты аб рэгістрацыі.

Як затрымалі?

Затрымалі службоўцаў 19 лістапада 2018 году. Адзін з тых, хто прыносіў ім хабар, прыйшоў у міліцыю з павіннай. Пасьля гэтага праваахоўнікі паставілі ў кабінэце інспэктараў відэакамэру. Ёю і фіксавалі факты атрыманьня імі хабару. У выраку зафіксавана каля дзясятка эпізодаў.

Разьлічваліся з службоўцамі марачным каньяком, брэндзі, самагонам, а таксама харчамі. У прысудзе адзначаецца, што інспэктары нібы жартам прапаноўвалі, што трэба зрабіць тым, хто быў зацікаўлены ў спрыяльным вырашэньні пытаньняў.

Сьведкамі ў справе праходзілі тыя, хто даваў хабар. Начальнік абласной інспэкцыі ў прысудзе названы арганізатарам злачыннай дзейнасьці, а ягоны падначалены — выканаўцам.

Абвінавачаныя з прысудам не пагадзілася. Будуць абскарджваць.

Сваёй віны службоўцы не прызналі. На працэсе заяўлялі, што хабару ня бралі, службовых абавязкаў і інструкцыяў не парушалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG