Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятое Пісаньне і Быкава. Што будуць выкладаць на курсах беларускай мовы ў Маскве


Храм Вялікапакутніцы Ірыны ў Маскве
Храм Вялікапакутніцы Ірыны ў Маскве

Нядаўна на базе прадстаўніцтва Беларускага экзархату ў Маскве арганізавалі курсы беларускай мовы. Свабода пагаварыла з ініцыятарам курсаў Алегам Жданавым.

Алег Жданаў вырас у Менску, а потым пераехаў у Маскву. Ён мае і рэлігійную, і філялягічную адукацыю. Скончыў БНТУ, быў спаборнікам навуковай ступені ў БДУ, а пасьля закончыў праваслаўны Сьвята-Ціханаўскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Цяпер выкладае славянскія мовы.

Пра ўласную ідэю стварыць курсы беларускай мовы на базе прадстаўніцтва Беларускага экзархату расказвае сьціпла.

«Усё гэта складвалася даволі доўга. Не хачу браць на сябе ўсю адказнасьць, канцэнтраваць увагу на сабе», — кажа ён.

Курсы адкрыліся з дабраславеньня архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзьмітрыя, настаяцеля храма вялікапакутніцы Ірыны.

Праграма заняткаў уключае агляд агульных зьвестак пра Беларусь, знаёмства з альфабэтам, фанэтычным і граматычным ладам мовы, мовазнаўчы аналіз тэкстаў Старога і Новага Запаветаў, знаёмства зь беларускай літаратурай.

«Аднак гэта не казарма. Таму праграма можа разьвівацца. Усё залежыць ад жаданьняў слухачоў. Праграма пабудаваная так, што далучацца і ўключацца можна ў любы момант», — кажа Жданаў.

На пытаньне, якія тэксты будуць вывучаць на занятках, адказвае адназначна: «Сьвятое Пісаньне».

«Апроч уласна таго, што гэта Сьвятое Пісаньне, гэта яшчэ і сусьветны помнік літаратуры. З мастацкай літаратуры — магчыма, кнігі Васіля Быкава. Нядаўна быў у Менску, купіў некалькі. Але будзем глядзець, што цікава слухачам, падладжвацца пад інтарэсы аўдыторыі», — кажа Жданаў.

У «фундамэнтальных лінгвістычных момантах» ён плянуе раіцца з супрацоўнікамі катэдраў БДУ.

«Наведваць курсы могуць і вернікі, і сьвецкія, — кажа Жданаў. — Гэта для людзей, якія маюць беларускія карані, але якія жывуць у Маскве і ніколі не сутыкаліся з мовай. Або для расейцаў, які маюць цікавасьць да беларускай мовы. Словам, для ўсіх зацікаўленых людзей».

Заняткі бясплатныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG