7 верасьня ў кантакт-цэнтар Беларускай чыгункі па электроннай пошце паступіла паведамленьне, якое ўтрымлівала інфармацыю аб замінаваньні шэрагу аб’ектаў, у тым ліку ААТ «Нафтан», ААТ «Гродна-Азот» і ТРЦ «Дана Мол» у Менску. Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.
На названыя ў паведамленьні аб’екты выбывалі сапёрна-піратэхнічныя і сьледча-апэратыўныя групы. Большасьць названых у лісьце аб’ектаў праверана, выбуховых прыладаў ня выяўлена. Сьледчыя прыступілі да агляду месцаў здарэньняў.
Акрамя таго, сьледчыя ў Магілёве, дзе месьціцца кантакт-цэнтар Беларускай чыгункі, агледзелі кампутар, на які прыйшло паведамленьне.
«Цяпер праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленьне асобы адпраўніка ліста. Паводле вынікаў аглядаў будзе прынятае працэсуальнае рашэньне», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Паводле зьвестак МУС, з пачатку году ў Беларусі зафіксавана 35 ілжывых паведамленьняў аб небясьпецы — удвая больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд. Ніводзін факт не пацьвердзіўся.