Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сянцоў даў першы камэнтар па прылёце і пагаварыў з мамай ВІДЭА


Алег Сянцоў на лётбішчы Барыспаль пасьля абмену зьняволенымі, 7 верасьня 2019
Алег Сянцоў на лётбішчы Барыспаль пасьля абмену зьняволенымі, 7 верасьня 2019

«Вялікі дзякуй! Спадзяюся, што і іншыя палонныя будуць хутка вызваленыя. Але нават з вызваленьнем апошняга палоннага наша барацьба не сканчаецца. Да перамогі яшчэ вельмі далёка. Слава Ўкраіне!» — першы камэнтар Алега Сянцова.

Пасьля прызямленьня яго сустрэла дачка Аліна, а момант размовы Алега з мамай карэспандэнты сайту Крым.Рэаліі адзьнялі ў памяшканьні ў Крыме.

Хто такі Алег Сянцоў?

Алег Сянцоў — украінскі рэжысэр, прадусар, сцэнарыст, пісьменьнік, актывіст руху «За адзіную краіну» ў Крыме.

Алег Сянцоў, архіўнае фота
Алег Сянцоў, архіўнае фота

Сянцоў знаходзіцца ў зьняволеньні з траўня 2014 году. Яго асудзілі на 20 гадоў турмы паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. Сянцоў ніколі не прызнаваў сваёй віны. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітвязьнем.

Хроніка зьняволеньня

10 траўня 2014 году супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі затрымалі Алега Сянцова каля ўваходу ў ягоны дом у Сімфэропалі. Паводле яго словаў, супрацоўнікі спэцслужбаў даставілі яго ў аддзяленьне былой Службы бясьпекі Ўкраіны з торбай на галаве, білі, душылі, дапытвалі каля чатырох гадзін. Раніцай Сянцова даставілі дадому на ператрус, дзе ён даведаўся, што гэта супрацоўнікі ФСБ.

19 траўня Сянцоў ужо знаходзіўся ў сьледчым ізалятары Ляфортава ў Маскве. Яго абвінавацілі ў стварэньні крымскага аддзяленьня ўкраінскай арганізацыі «Правы сэктар». Разам зь Сянцовым як «саўдзельніка» судзілі Аляксандра Кольчанку.

Адзін з помнікаў Леніну ў Сімфэропалі
Адзін з помнікаў Леніну ў Сімфэропалі

Сьледчыя сьцьвярджалі, што Сянцоў кіраваў тэрарыстычнай арганізацыяй, якая рыхтавалася падарваць помнік Леніну ў Сімфэропалі і ў красавіку 2014 падпаліла офіс партыі «Единая Россия» ў Сімфэропалі (былы офіс Партыі рэгіёнаў). Ніхто не пацярпеў, а ўрон ад падпалу ацэньваўся ў 200 тысяч рублёў.

У студзені 2015 актывісту дадаткова вылучылі абвінавачаньне ў «незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў». Сянцова назвалі грамадзянінам Расеі. Ён заяўляў, што лічыць сябе грамадзянінам Украіны, ніколі не атрымліваў расейскага пашпарта і захоўвае ўкраінскі.

Дакумэнт, які пацьвярджае, што Алег Сянцоў зьяўляецца грамадзянінам Украіны
Дакумэнт, які пацьвярджае, што Алег Сянцоў зьяўляецца грамадзянінам Украіны

З 13 лістапада 2017 Алег Сянцоў знаходзіўся ў калёніі № 8 «Белы мядзьведзь» у Лабітнангі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расеі).

У траўні 2018 Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку.

Пасьля гэтага Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд накіраваў афіцыйную просьбу прэзыдэнту Расеі аб памілаваньні ўкраінскага рэжысэра.

Глябальная кампанія па падтрымцы палітвязьня #SaveOlegSentsov пачалася ў чэрвені 2018. У рамках акцыі сотні тысяч чалавек удзельнічалі ў маршах, мітынгах, дэманстрацыях, зваротах у сацыяльных сетках, тэлепраграмах і культурных імпрэзах.

Удзельнікі акцыі #SaveOlegSentsov у Бэрліне 2 чэрвеня 2018
Удзельнікі акцыі #SaveOlegSentsov у Бэрліне 2 чэрвеня 2018

За час знаходжаньня ў турме Алег Сянцоў быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны: Ордэнам за мужнасьць І, ІІ і ІІІ ступені, Нацыянальнай прэміяй Шаўчэнкі. У дадатак да гэтых Сянцоў атрымаў 11 іншых міжнародных узнагарод і прэмій, у тым ліку прэмію імя Сахарава за свабоду думкі.

24 жніўня 2019 Алег Сянцоў атрымаў сваю апошнюю ўзнагароду ў турме — прэмію «Нэптун» Фэстывалю салідарнасьці мастацтваў ў Польшчы, які арганізатары прысьвяцілі яму.«Сучаснасьць часта несправядлівая, гісторыя справядлівая заўсёды — з цягам часу ўсё заўсёды стае на свае месцы і называецца сваімі імёнамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG