Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы галоўны архітэктар Менску трапіў у рэанімацыю зь СІЗА


Павал Лучыновіч, 2015 год

Былы галоўны архітэктар Менска Павал Лучыновіч знаходзіцца ў першай рэанімацыі пятай гарадзкой лякарні Менску. Яго даставілі ў лякарню зь СІЗА.

Карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе МУС, што Лучыновіча «на гэтым тыдні шпіталізавалі ў сувязі з агульным пагаршэньнем здароўя».

Пасьля лячэньня ён вернецца ў СІЗА. Пра ягоны стан здароўя ў лякарні Свабодзе нічога не паведамілі.

Паводле Tut.by, у яго быў паралюш ніжняй часткі цела. Дыягназы зьвязаныя з інфэкцыяй. Гэта можа быць выклікана як схільнасьцю арганізма (плюс умовы ўтрыманьня ў СІЗА), так і ўдарам.

Павал Лучыновіч знаходзіўся ў СІЗА пасьля таго, як яго затрымалі 16 сакавіка 2019 году праз падазрэньне ў атрыманьні хабару памерам 4 тысячы даляраў ад прадпрымальніка. На апэратыўным відэа фігуравалі грошы ў аўтамабілі.

Павал Лучыновіч стаў галоўным архітэктарам Менска ў лютым 2015 году. Дагэтуль ён працаваў намесьнікам старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Пасьля лячэньня вернецца ў СІЗА

Пасьля нарады Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі 20 жніўня на справу Лучыновіча зьвярнулі дадатковую ўвагу.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова расказала Свабодзе, што Галоўнае сьледчае ўпраўленьне завяршыла сьледчыя дзеяньні ў крымінальнай справе Паўла Лучыновіча.

«Былая службовая асоба абвінавачваецца ў двух эпізодах атрыманьня хабараў на агульную суму больш за 8,5 тысячы рублёў за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю. Яму прад’яўлена канчатковае абвінавачаньне паводле частак 1 і 2 артыкулу 430 (атрыманьне хабару ў буйным памеры). У працэсе азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя абвінавачаны быў шпіталізаваны. У сувязі з гэтым азнаямленьне з матэрыяламі справы будзе працягнутае ўжо пасьля яго выздараўленьня, калі ён зможа браць удзел у сьледчых дзеяньнях. Мера стрыманьня застаецца ранейшай — варта», — сказала Юлія Ганчарова.

Менск застаецца без галоўнага архітэктара

Пасьля затрыманьня Паўла Лучановіча галоўным архітэктарам Менску ў траўні быў прызначаны былы намесьнік дырэктара «Менскрэклямы» Аляксей Мартынаў. Аднак ён прапрацаваў на гэтай пасадзе каля месяца, а потым яе пакінуў, прычыны адстаўкі не паведамлялася.

Дагэтуль камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму застаецца без кіраўніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG