Лінкі ўнівэрсальнага доступу

54% жыхароў «ДНР» і «ЛНР» лічаць сябе часткай Украіны, — апытаньне


Ілюстрацыйнае фота. Дзень сьцяга самаабвешчанай «ДНР» у Данецку, Украіна. 25 кастрычніка 2017 году

Бальшыня жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей лічаць тэрыторыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» часткай Украіны. Гэта вынікае з апытаньня, замоўленага Бэрлінскім цэнтрам усходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў (ZOiS).

Апытаньне праводзілася ў лютым-сакавіку 2019 году. Зь людзьмі на тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі, сацыёлягі размаўлялі праз тэлефон. Зь іншымі жыхарамі Данецкай і Луганскай абласьцей — асабіста.

Разам былі апытаныя 1200 чалавек паабапал лініі разьмежаваньня.

Паводле зьвестак ZOiS, 54 працэнты жыхароў «ДНР» і «ЛНР» лічаць гэтыя тэрыторыі часткай Украіны. Траціна зь іх хацелі б для гэтых утварэньняў статусу аўтаноміі ўнутры дзяржавы, 23 адсоткі згодныя быць у Данецкай і Луганскай абласьцях без асаблівага статусу. Такім чынам, апошнімі гадамі скарацілася колькасьць прыхільнікаў аўтаноміі «ДНР» і «ЛНР».

Аднак, на думку сацыёлягаў, вырасла колькасьць тых, хто выступае за далучэньне «ДНР» і «ЛНР» да Расеі. Калі ў 2016 годзе за такое выказаліся каля 11 адсоткаў насельніцтва на кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторыях, то цяпер іх амаль 18 з паловай адсоткаў.

У дасьледаваньні ZOiS таксама адзначаецца зьніжэньне колькасьці жыхароў «ДНР» і «ЛНР», якія лічаць сябе грамадзянамі Украіны. Цяпер такіх сярод апытаных 26 працэнтаў. Гэта ўдвая менш, чым тры гады таму. (У 2019 годзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спрасьціў набыцьцё расейскага грамадзянства для жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей. Паводле афіцыйных зьвестак, некалькі тысяч чалавек ужо атрымалі расейскія пашпарты ў рамках гэтай працэдуры. — РС)

Вайна на ўсходзе Украіны ідзе ужо пяць гадоў. За гэты час, паводле зьвестак ААН, больш за 10 000 чалавек сталі ахвярамі канфлікту. Кіеў абвінавачвае Расею ў ваенным уварваньні на яе тэрыторыю. Заходнія краіны ўвялі супрацьКрамля санкцыі за падтрымку сэпаратыстаў і анэксію тэрыторыі Ўкраіны. У Маскве ўсе абвінавачваньні адкідаюць, хаця журналісты і незалежныя сьледчыя групы неаднаразова падавалі доказы наяўнасьці расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі на тэрыторыі Данбасу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG