Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фільмаў Вэнэцыянскага кінафэстывалю, якія варта паглядзець

абноўлена

Рэжысэр Сяргей Лазьніца на Вэнэцыянскім фэстывалі ў 2015 годзе. Архіўнае фота.

28 жніўня — першы дзень 76-га штогадовага Вэнэцыянскага кінафэстывалю, самага старога кінафэстывалю ў сьвеце, які разам з Бэрлінскім і фэстывалем у Канах, складае тройку найбольш значных кінафэстываляў. Прапануем азнаёміцца зь 5 заўважнымі кінастужкамі, якія будуць прадстаўленыя сёлета ў Вэнэцыі.

Я абвінавачваю (J’accuse)

Рэжысэр: Раман Паланскі

Фільм аб трагічна вядомай «справе Дрэйфуса» — пра палітычны скандал канца XIX стагодзьдзя ў Францыі, які ў свой час моцна падзяліў францускае грамадзтва. Канфлікт быў выкліканы абвінавачваньнямі габрэйскага вайскоўца францускай арміі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны падчас франка-прускай вайны. Гісторыя Альфрэда Дрэйфуса і яго судовага працэсу і на сёньняшні дзень на Захадзе ўспрымаецца як своеасаблівы прыклад несправядлівасьці на найвышэйшым, дзяржаўным узроўні.

Фільм Паланскага будзе экранізацыяй кнігі «Афіцэр і шпіён» Робэрта Харыса, які сам гэту кнігу пачаў пісаць з прычыны зацікаўленасьці рэжысэра справай Дрэйфуса. Пісьменьнік ужо супрацоўнічаў з Паланскім раней, вынікамі чаго сталі фільмы «Кітайскі квартал» (Chinatown) і «Прывід» (The Ghost Writer).

Арыгінальная назва фільма спасылаецца на назву ліста вядомага францускага пісьменьніка Эміля Золя прэзыдэнту рэспублікі Фэліксу Фору, у якім ён абвінаваціў францускія ўлады ў антысэмітызьме і ў незаконным арышце галоўнага фігуранта справы — Альфрэда Дрэйфуса.

Сіберг (Seberg)

Рэжысэр: Бэнэдыкт Эндрус

Палітычны трылер пра позьняе жыцьцё вядомай зоркі Галівуда — Джын Сіберг. У свой час яна стала вядомай ня толькі як актрыса, але і як фігурантка яшчэ адной скандальнай справы — яна была ахвярай сакрэтнай і незаконнай праграмы ФБР COINTELPRO, мэтай якой была нэўтралізацыя «магчымай пагрозы» ад некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў і супольнасьцяў (пераважна левай палітычнай арыентацыі, але былі і выключэньня кшталту Ку-Клукс-Клана). Прычынай стала сувязь Джын Сіберг з леварадыкальнай афраамэрыканскай арганізацыяй «Чорныя пантэры», а таксама фінансавая дапамога, якую яна аказвала дзецям з індзейскай школы.

Рамэн Гары
Рамэн Гары

Спэцслужбы ня толькі змаглі зрабіць так, што Сіберг апынулася ў «чорным сьпісе» Галівуду (ёй прапанавалі толькі самыя дрэнныя ролі), але яшчэ і распаўсюджвалі плёткі аб яе цяжарнасьці. На гэтым жа этапе свайго жыцьця Джын Сіберг разьвялася са сваім мужам — вядомым францускім пісьменьнікам родам з Вільні і героям Другой сусьветнай вайны — Рамэнам Гары. Гэтае арганізаванае ФБР цкаваньне, дэпрэсія, злоўжываньне наркотыкамі і алькаголем, паспрыяла таму, каб Сіберг скончыла сваё жыцьцё самагубствам. Крытыкі прагназуюць, што фільм будзе ў большай ступені трылерам, чым біяграфічнай стужкай.

Размалёваная птушка (Nabarvené ptáče)

Рэжысэр: Вацлаў Маргаўл

Фільм — экранізацыя спрэчнага і быццам б аўтабіяграфічнага раману амэрыканскага пісьменьніка польскага паходжаньня Ежы Касінскага. Карціна будзе распавядаць пра жыцьцё габрэйскага хлопчыка ў неназванай і вельмі ўмоўна апісанай усходнеэўрапейскай краіне падчас Другой сусьветнай вайны.

У свой час кніга выклікала яе станоўчыя водгукі літаратурных крытыкаў на Захадзе, так і шматлікія абвінавачаньня ў плягіяце іншых польскіх пісьменьнікаў ды ў адсутнасьці аўтабіяграфічных элемэнтаў у рамане. Фільм абяцае стаць першай карцінай, дзе будзе выкарыстаная міжславянская мова — штучная мова кшталту эспэранта. Першапачатковая мэта была — стварыць мову, якая будзе зразумелая любому носьбіту адной ці некалькіх славянскіх моў.

Дзяржаўнае пахаваньне (Государственные похороны)

Рэжысэр: Сяргей Лазьніца

Дакумэнтальнае кіно вядомага ўкраінска-беларускага рэжысэра прысьвечана дням на папярэдні пахаваньня Ёсіфа Сталіна. У фільме шмат запісаў з савецкіх архіваў. Новая праца Лозніцы зьнятая ў супрацы з кампаніямі Нідэрляндаў, Літвы і тэлеканалу «Настоящее время» (супольны мэдыяпраэкт Радыё Свабоды і Голасу Амэрыкі). На кінафэстывалі фільм будзе прэзэнтаваны як пазаконкурсная праца.

Пра бясконцасьць (Om det oändliga)

Рэжысэр: Рой Андэрсан

Паводле крытыкаў, швэдзкі рэжысёр Рой Андэрсан зьяўляецца адным з тых рэжысёраў, што могуць сабе дазволіць зьнікнуць на 25 гадоў паміж фільмамі. Яго працы лічацца ўнікальнымі — рэжысёр мае сваю прадусарскую кампанію (Studio 24), працуе без фіксаванага графіку і сцэнару, а праца над фільмамі адбываецца пераважна ў павільёне.

Фільм «Пра бясконцасьць» — сэрыя кароткіх нарысаў, якія паміж сабою зьвязвае толькі жаночы голас апавядальніка — накшталт «Тысяча і адной ночы». Паведамлялася, што некаторыя са сцэнаў будуць адбывацца ў часе Другой сусьветнай вайны, і што крыніцай натхненьня для аўтара былі і карціны Марка Шагала.

Ян Поклад

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG