Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Зяленскага рыхтуе амаль паўтысячы паправак у Канстытуцыю Ўкраіны


Уладзімер Зяленскі

Партыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народа» рыхтуе 465 паправак у Канстытуцыю краіны. Пра гэта заявіў прадстаўнік Зяленскага ў Вярхоўнай Радзе Руслан Стэфанчук. Аднак пра якія менавіта папраўках ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.

«Мы зараз вызначаем чарговасьць іх (законапраектаў) унясеньня ў Вярхоўную Раду. Вызначаем, якія зь іх будуць вызначаныя прэзыдэнтам як прыярытэтныя, і на базе гэтага ўжо будзем фармаваць пералік таго, над чым будуць працаваць камітэты, і што будзе прымаць Вярхоўная Рада... мы разумеем, што многія зь іх ня знойдуць падтрымкі ў Радзе, таму што гэта рэчы, якія даюць магчымасьць выгнаць, калі ўзяць эканамічную сфэру тых, хто сядзіць на патоках, мы хочам закрыць усе карупцыйныя бюджэтныя дзіркі. Вядома, гэта будзе мець супраціў», — цытуе Стэфанчука выданьне «Украінская праўда».

Для ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю іх павінны падтрымаць 300 дэпутатаў Вярхоўнай Рады. У «Слугі народа» па выніках праведзеных у канцы чэрвеня выбараў 254 мандата ў парлямэнце, яшчэ 126 — у апазыцыі. Першае пасяджэньне новай Вярхоўнай Рады заплянавана 29 жніўня. Вядома, што ў гэты дзень Зяленскі зьбіраецца накіраваць на разгляд законапраект аб адказнасьці дэпутатаў за прагулы і галасаваньне за сваіх адсутных калегаў.

Паводле апытаньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», галаве дзяржавы цяпер давяраюць 70 працэнтаў грамадзян і 63 адсоткі пазытыўна ацэньваюць першыя крокі Зяленскага і яго каманды ў кіраваньні краінай. У лідэраў апазыцыі, наадварот, адмоўны рэйтынг. У прыватнасьці, былому прэзыдэнту Пятру Парашэнку не давяраюць 72% украінцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG