Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: анэксію Крыму можна было спыніць «чымсьці належным»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША маглі б перадухіліць анэксію Крыму ў 2014 годзе, але ня змог сказаць, якім чынам гэтага ўдалося б дасягнуць. Рэпліка прагучала ў адказ на пытаньне журналісткі амэрыканскага тэлеканалу PBS.

Гаворачы пра незаконную спробу анэксіі Крыму, Дональд Трамп адзначыў, што «гэта можна спыніць пры дапамозе належнага... чагосьці».

«(Анэксію Крыму. — РС) можна было спыніць, але прэзыдэнт Абама быў ня ў стане гэта спыніць. Вельмі шкада», — дадаў Трамп.

Прэзыдэнт ЗША апошнім часам колькі разоў заяўляў, што выключэньне Расеі з «Групы васьмі» было рэакцыяй Барака Абамы на тое, што Ўладзімір Пуцін здолеў «перагуляць» яго, анэксаваўшы Крым падчас прэзыдэнцтва Абамы.

Выступаючы перад журналістамі ў Францыі, Трамп заявіў пра анэксію Крыму:

«Ён (Крым) быў анэксаваны ў часе прэзыдэнцтва Абамы. Калі б ён быў анэксаваны падчас майго прэзыдэнцтва, я б сказаў: «Прабачце, я зрабіў памылку, прабачце! (...) Яны захапілі Крым падчас тэрміну Абамы. Гэта было дрэнна. Можна было спыніць, але прэзыдэнт Абама быў ня ў стане гэта спыніць», — заявіў Трамп.

Раней Трамп заяўляў, што калі б спроба анэксаваць Крым прыпала на час ягонага прэзыдэнцтва, яго рэакцыя магла б быць не такою, як у Абамы.

Трамп раней некалькі разоў выступаў за вяртаньне да фармату «Вялікай васьмёркі» з удзелам Расеі, які спыніў існаваньне пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе. Супраць, аднак, выступалі лідэры іншых краінаў.

На тэрыторыі Крыму і Севастопаля 16 сакавіка 2014 году прайшоў так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму 20 лютага 2014 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG