Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскай жаночай калёніі адбыўся пажар?


Гомельская калёнія № 4, архіўнае фота
Гомельская калёнія № 4, архіўнае фота

Сваякі жанчын, якія адбываюць пакараньне ў гомельскай калёніі № 4, заяўляюць, што 24 жніўня там адбыўся пажар. Згарэлі шафы з асабістымі рэчамі жанчын, ніхто не пацярпеў.

«Дзяўчаты скардзіліся адміністрацыі, што сьмярдзела праводка. Ніхто не зьвярнуў увагу на скаргі. Яны пайшлі на сьняданьне — будынак загарэўся. Цяпер баяцца, што іх зробяць вінаватымі. Гэта значыць — мінус перадачы, спатканьні, умоўна-датэрміновае вызваленьне», — кажа Свабодзе жанчына, дачка якой адбывае пакараньне ў калёніі.

Паводле маці адной з асуджаных, пажар адбыўся ў адным са старых будынкаў калёніі, дзе сядзяць жанчыны, пакараныя па «наркатычным артыкуле». Пры гэтым «атрад разьлічаны, па санітарных нормах, на 80 чалавек, насамрэч сядзіць 150», распавяла жанчына на ўмовах ананімнасьці.

У Гомельскім упраўленьні па надзвычайных сытуацыях пацьвердзілі, што ў інтэрнаце калёніі было задымленьне, прыцягвалася тэхніка МНС, праводзіцца праверка.

Летась сваякі асуджаных склалі пэтыцыю да МНС з патрабаваньнем правесьці праверкі супрацьпажарнай бясьпекі ў беларускіх турмах, сьцьвярджаючы, што там парушаюцца ўсе нормы пажарнай бясьпекі і «дзе па нормах павінны ўтрымлівацца 500 чалавек, сядзяць па 2 тысячы». «Хто можа гарантаваць, што людзі ў закрытай прасторы не згараць у надзвычайнай сытуацыі, пры такіх парушэньнях?», — ставілі пытаньне заяўнікі.

Міністэрства па надзвычайных сытуацыях на зварот адказала, што «для прызначэньня праверкі неабходна прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць парушэньні, ці факты ўзьнікненьня пагрозы жыцьцю і здароўю людзей».

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG