Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворцаў «Сьвінкі Пэпы» купяць за 4 мільярды даляраў


Гэта сувымяральна з тым, што «Газпром» заплаціў за газатранспартную сыстэму Беларусі.

Амэрыканскі вытворца цацак Hasbro купіць за 4 мільярды даляраў канадзкую кампанію Entertainment One, якая валодае правамі на мультсэрыял «Сьвінка Пэпа». Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Hasbro.

Сярод вядомых прадуктаў Hasbro — лінія цацак і мэдыяфраншыза My Little Pony, «Трансформэры», гульня «Манаполія».

«Сьвінка Пэпа» перакладзеная больш чым на 40 моваў і трансьлюецца ў 180 краінах, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на Entertainment One. Гэта адзін зь першых і найбольш папулярных мультфільмаў, перакладзеных і на беларускую мову.

Чатыры мільярды даляраў — сума, на якую пакупнік ацаніў вытворцаў «Сьвінкі Пэпы», — гэта даражэй, чым капіталізацыя многіх вялікіх кампаній з рэальнага сэктару эканомікі:

  • Да прыкладу, падчас перамоваў пра магчымы продаж Менскага аўтазаводу ў 2011 годзе яго ацанілі на 1,095 мільярда даляраў, але гэтая ацэнка не задаволіла магчымага пакупніка — расейскі «КамАЗ».
  • Рынкавы кошт «Гродна Азот» — аднаго з гігантаў беларускай хімічнай прамысловасьці — ацэньвалі ў 2014 годзе. 25% акцыяў урад Беларусі прапаноўваў за на 400 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, што агульная цана прадпрыемства, паводле беларускага боку, складала 1,6 мільярда даляраў. У адказ патэнцыйныя расейскія пакупнікі заявілі, што рэальны кошт прадпрыемства прыкладна ў паўтара раза меншы.
  • А агульная сума, якую расейская кампанія «Газпром» заплаціла за «Белтрансгаз» з 2007 па 2011 год — 5 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG