Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь беларусаў мог сябраваць з Мазэпам, Пятлюрам і Бандэрам? Незвычайная выстава ў Кіеве


На Крашчаціку, цэнтральнай вуліцы Кіева, у межах сьвяткаваньня Дня незалежнасьці Ўкраіны адкрылася выстава «Фактар свабоды», якая папулярызуе лідэраў нацыянальнай ідэі — гетмана Івана Мазэпу, лідэра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сьцяпана Бандэру і кіраўніка Дырэкторыі Ўкраінскай народнай рэспублікі, галоўнага атамана Сямёна Пятлюру.

Аўтар і арганізатары выставы на падставе дасьледаваньняў зрабілі макеты імаверных профіляў гэтых гістарычных асобаў у сацыяльнай сетцы Facebook, якія маглі б быць у той час, калі б тады існавалі сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі.

Напрыклад, Мазэпа мог сябраваць з расейскім імпэратарам Пятром Першым, каралём Швэцыі Карлам XII і апошнім каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім Янам II Казімірам Вазам. Сьцяпан Бандэра і Сямён Пятлюра — з прадстаўнікамі «буржуазнага нацыяналізму» (так іх называлі ў крымінальных справах сьледчыя НКВД).

«На жаль, на стэндах абмежаваныя магчымасьці паказаць усіх магчымых сяброў, але сярод іх маглі быць і беларусы. Наколькі я ведаю, беларусы актыўна ўдзельнічалі ў Антыбальшавіцкім блёку народаў, зь якога пачынаў Сьцяпан Бандэра, то імаверна, што там былі і беларусы, зь якімі ён кантактаваў», — сказаў Свабодзе кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч.

Уладзімір Вятровіч
Уладзімір Вятровіч

Айцы ўкраінскай нацыянальнай ідэі, калі б жылі адначасна, маглі б пазначаць агульныя месцы сваіх сустрэчаў — як ва Ўкраіне, Расеі, гэтак і ў эрапейскіх краінах.

Аўтары выставы мяркуюць, што, напрыклад, Іван Мазэпа абавязкова разьмясьціў бы на сваёй старонцы фотаздымак сустрэчы з Пятром І у Менску, у 1706 годзе, а Сямён Пятлюра — свой фотаздымак, зроблены ў Менску ў 1916 годзе, калі працаваў у структурах Земскага саюзу на Заходнім фронце першай усясьветнай вайны.

На афіцыйнае адкрыцьцё выставы не прыйшоў ніводны прадстаўнік улады.

«Мы заранёў абвясьцілі аб гэтым мерапрыемстве, таму ўсе, хто хацеў, мог прыйсьці. Але, на жаль, нікога няма», — кажа Ўладзімір Вятровіч.

У той жа час, ён мяркуе заўчасным абвінавачваць іх у намеры адмовіцца ад палітыкі нацыянальнай памяці:

«Праспэкты Бандэры і Шухевіча будуць у Кіеве. Тое самае датычыць і спробаў харкаўскага мэра вярнуць праспэкт Жукаву. Мы падрыхтавалі апэляцыю ў суд. Пакуль дакладнай пазыцыі новай улады на гэта няма, няма і іншых значных сыгналаў наконт дзяржаўнай палітыкі. Але ёсьць і пазытыў — зварот прэзыдэнта Зяленскага да прэм’ер-міністра Ізраілю з заклікам прызнаць Галадамор генацыдам украінскага народу. Гэта азначае, прынамсі, разуменьне прэзыдэнтам неабходнасьці працягваць працу, распачатую папярэдняй уладай у гэтым кірунку. Сёньня таксама быў агучаны ўказ прэзыдэнта аб прысваеньні вайсковым падразьдзяленьням ганаровых назваў, зьвязаных з украінскай вызваленчай барацьбой у 1917-1921 гадах».

Уладзімір Вятровіч падкрэсьліў, што мінулыя пяць гадоў Украінскі інстытут нацыянальнай памяці меў эфэктыўную падтрымку ў правядзеньні дэкамунізацыі з боку ўраду, парлямэнту і прэзыдэнта:

«Зараз мне цяжка сказаць, якім чынам будзе выглядаць супраца з новым урадам і парлямэнтам, ці будзе яна ўвогуле і ці будзе магчымасьць працягваць тую працу, якой наш інстытут займаўся мінулыя пяць гадоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG