Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарачы ўганаравалі Марыю Качыньскую, жонку польскага прэзыдэнта


Генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк і старшыня непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.

У касьцёле сьвятога Андрэя ў мястэчку Нарач (былы Кабыльнік) 22 жніўня адкрылі мэмарыяльную дошку ў памяць пра жонку восьмага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага Марыю, якая была тут ахрышчана 21 жніўня 1942 году і якая загінула разам са сваім мужам у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году.

Паколькі хата сям’і Марыі Качыньскай (у дзявоцтве Мацкевіч) — лесьнічоўка ў Махаве ў ваколіцах Нарачы — не захавалася, адзіным месцам для ўшанаваньня памяці Марыі Качынскай застаўся касьцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт сьвятога хросту.

З ініцыятывай усталяваць мэмарыяльную дошку выступіла пасольства Польшчы ў Беларусі, вялікія намаганьні для гэтага прыклаў былы дырэктар Інстытуту Польскага ў Менску Матэуш Адамскі.

У памятнай цырымоніі бралі ўдзел афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы — віцэ-маршалак сэйму Рышард Тэрлецкі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

«Качыньскія былі глыбока веруючымі людзьмі, баранілі хрысьціянская каштоўнасьці»

Вёў урачыстую імшу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менскі і Магілёўскі.

«Заўсёды нам хочацца вяртацца ў тое месца, дзе чалавек зьявіўся на сьвет. Напэўна Марыя памятала гэта месца, ва ўсіх біяграфіях кажа, што нарадзілася на Віленшчыне (а гэта сапраўды быў Віленскі край, так называлася гэта мясцовасьць).

Польская амбасада выступіла з ініцыятывай, каб увекавечыць памяць гэтай цудоўнай асобы, якая была першай лэдзі, жонкай прэзыдэнта, які таксама вельмі моцна паўплываў на сучасную гісторыю ня толькі Польшчы, але і Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы».

Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч і Рышард Тэрлецкі
Тадэвуш Кандрусевіч і Рышард Тэрлецкі

Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў, што часта бачыў Леха Качыньскага з жонкай Марыяй на розных набажэствах, таксама і з удзелам Папы Рымскага, нягледзячы на тое, што ў прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве ў Качыньскіх была свая капліца.

«У прэзыдэнцкай пары быў свой сьвятар, які быў прызначаны адмыслова для духоўнага "кармленьня" прэзыдэнцкай сям’і. Але яны часта бывалі і на публічнай сьвятой імшы разам з народам. Прычым, не фанабэрыліся гэтым, сьціпла сядзелі на лаўцы, бо прыходзілі туды шчыра маліцца. Яны не хаваліся ад сваёй веры. Гэта такое сьведчаньне, што "я хрысьціянін, я веруючы, я хачу быць з Богам".

Ёсьць такое польскае выслоўе: "У таго, у каго Бог на першым месцы, усё на сваім месцы". Гэта азначае, што ўсё паўкладана вельмі добра.

Можа, сучасныя палітыкі часам пра гэта забываюцца. Ведаючы сям’ю Качыньскіх, магу сказаць, што яны былі глыбока веруючымі людзьмі, захавалі сваю веру да канца, баранілі хрысьціянская каштоўнасьці», — кажа Тадэвуш Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч падчас імшы
Тадэвуш Кандрусевіч падчас імшы

Сымбалічна, што мэмарыяльная дошка ў памяць Марыі Качыньскай выканана ў форме разгорнутай кнігі, якую ўсё сваю яскравае жыцьцё пісала Марыя Качыньская. На адной старонцы надпіс па-беларуску, на другой — па-польску. І таксама сымбалічна, то там ёсьць і крыж — закончылася яе зямное жыцьцё, — дадае сьвятар.

Хто такая Марыя Качыньская

Эканамістка, грамадзкая дзяячка і перакладчыца Марыя Качыньская — першая лэдзі, жонка восьмага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага

Нарадзілася 21 жніўня 1942 году ў лесьнічоўцы Махава каля Кабыльніку (цяпер мястэчка Нарач).

Бацька Марыі, Чэслаў Мацкевіч, быў этнічным палякам, працаваў лесьніком, браў удзел у вайне зь немцамі ў складзе Арміі Краёвай, а маці, Лідзія Мацкевіч (Пішчака), нарадзілася ў расейскім Петраградзе, дзе яе бацькі, родам з-пад Кабыльніку, хаваліся ад Першай усясьветнай вайны, і працавала настаўніцай.

Неўзабаве Мацкевічы з малой дачкой перабраліся да віленскай радні Чэслава, а ў 1944 годзе сям’я Чэслава Мацкевіча пераехала ў Члухаў, што на поўначы Польшчы.

Марыя скончыла Вышэйшую эканамічную школу ў Сопаце, спэцыялізацыя — замежны гандаль. Потым працавала ў Марскім інстытуце ў Гданьску, там у 1978-м пабралася шлюбам зь Лехам Качыньскім.

Людзі трымаюць партрэт Леха і Марыі Качыньскіх падчас ушанаваньня ў Варшаве ў 2015 годзе, на пятую гадавіну авіякатастрофы пад Самаленскам
Людзі трымаюць партрэт Леха і Марыі Качыньскіх падчас ушанаваньня ў Варшаве ў 2015 годзе, на пятую гадавіну авіякатастрофы пад Самаленскам

Марыя была вельмі адукаванай, ведала 5 замежных моваў, грала на фартэпіяна, цікавілася мастацтвам.

Усё жыцьцё займалася дабрачыннай дзейнасьцю. Марыя Качыньская мае тытул «Чалавек адкрытага сэрца» Таварыства дзяцей і інвалідаў, «Анёл клінікі Будзік». За харытатыўную дзейнасьць пад лёзунгам «Май сэрца і глядзі ў сэрцы — супраць абыякавасьці» яна была ўганараваная «Бурштынавай ружай».

У 2008 годзе новы гатунак тульпана галяндцы назвалі «Марыя Качыньская».

Трагічна загінула разам з мужам і вялікай урадавай дэлегацыяй ў авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG