Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Польшча не падпішуць Дамову аб міжпарлямэнцкай супрацы


Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Баляслаў Пірштук, архіўнае фота

Дамова аб міжпарлямэнцкай супрацы паміж Сэймам Польшчы і Палатай прадстаўнікоў Беларусі ў 2019 годзе ня будзе падпісаная. Пра гэта заявілі намесьнікі старшыняў гэтых структураў — віцэ-маршалак сэйму Рышард Тэрлецкі і намесьнік старшыні палаты Баляслаў Пірштук.

Тлумачэньне яны далі аднолькавае — парлямэнцкія выбары. У Польшчы яны пройдуць у кастрычніку, у Беларусі — у лістападзе. Таму «завяршаць справу» будуць ужо новыя дэпутаты. Беларуская частка дамовы ўжо гатовая цалкам, польскую яшчэ не давялі да канца.

Зьвяртаючыся да польскай дэлегацыі, якая з трохдзённым візытам знаходзіцца ў Беларусі, Баляслаў Пірштук адзначыў, што за апошнія тры гады дачыненьні Беларусі і Польшчы выйшлі на «даверны ўзровень, чаго не было шмат гадоў».

Паводле ягоных слоў, краіны падтрымліваюць адна адну на міжнародных пляцоўках, у тым ліку «па адчувальных пытаньнях». Тэрлецкі падкрэсьліў, што ў Польшчы станоўча ўспрынялі пашырэньне беларускага бязьвізу, які дазваляе палякам знаходзіцца ў некаторых беларускіх раёнах да 15 сутак.

Беларуска-польская алімпіяда

Рышард Тэрлецкі сказаў, што адразу пасьля прыбыцьця польскіх парлямэнтароў у Менск бакі абмеркавалі пашырэньне супрацы абедзьвюх краін у спорце.

Рышард Тэрлецкі
Рышард Тэрлецкі

«Прызнаюся шчыра, размова ішла за келіхам віна. Гаварылі пра беларуска-польскую Алімпіяду. Толькі яшчэ ня ведаем, якую правесьці — зімовую ці летнюю. Але нярэдка добрыя справы так і пачынаюцца. Спачатку як бы з жарту, а пасьля ўсур’ёз», — сказаў польскі палітык.

Пазьней у кулюарах сустрэчы хтосьці працягнуў тэму: а чаму Алімпіяда толькі беларуска-польская? Можна запрасіць і Ўкраіну. І тады спаборніцтва будзе не для дзьвюх, а для трох краін.

Але гэта справа будучыні, а пакуль ёсьць іншая, больш рэальная. Трэція Эўрапейскія гульні пройдуць у 2021 годзе ў Кракаве. З гэтай нагоды ў склад польскай дэлегацыі ўвайшоў намесьнік міністра спорту і турызму Яцэк Осух, які зьяўляецца і дэпутатам Сэйму. Ён будзе вывучаць досьвед аналягічнай імпрэзы, якая сёлета адбывалася ў Менску. Яцэк Осух наведае «Менск-Арэну» і яшчэ некалькі спартовых аб’ектаў.

Памяці Марыі Качыньскай

Распавядаючы пра праграму знаходжаньня ў Беларусі польскай дэлегацыі, Рышард Тэрлецкі дадаў, што чакаецца «сэнтымэнтальнае мерапрыемства». Мэмарыяльную дошку ў памяць пра жонку прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага адкрыюць у касьцёле Сьвятога Андрэя Апостала ў Нарачы. Марыю Качыньскую, якая разам з мужам загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010-м, хрысьцілі ў гэтым касьцёле.

Марыя Алена Мацкевіч нарадзілася 21 жніўня 1942 году, а 27 верасьня была хрышчоная ў нарачанскім касьцёле Сьвятога Андрэя Апостала. Адпаведны запіс захаваўся ў мэтрычнай кнізе прыходу Сьвятога Бэрнарда ў Сопаце, дзе будучая прэзыдэнцкая пара заключыла сакрамэнт шлюбу.

Мэмарыяльная дошка выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы. Надпіс пад ёю будзе на беларускай і польскай мовах. Сьвятую імшу ўзначаліць Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

10 красавіка 2010 году пад Смаленскам пацярпеў крушэньне самалёт Ту-154 прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. На борце самалёта былі 96 чалавек — 88 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу. Яны ляцелі на жалобныя імпрэзы ў Катыні. Усе загінулі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG