Па выніках дэкады «Дзяржтэхагляд» 10–17 жніўня да адказнасьці прыцягнута больш за 14 000 кіроўцаў, амаль кожны трэці — паўторна. Пра гэта паведамляе сайт Упраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі.
Больш за ўсё транспарту без тэхагляду інспэктары выявілі ў Менскай і Віцебскай абласьцях, а таксама ў сталіцы.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод колькасьць удзельнікаў дарожнага руху без тэхагляду павялічваецца на 10%. Як мяркуюць экспэрты, шмат у чым на такую сытуацыю паўплывала ўвядзеньне так званага дарожнага збору, у сярэднім каля 200 рублёў на год — некаторыя ўладальнікі аўтатранспарту лічаць сумы збору завышанымі і адмаўляюцца плаціць.
Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, за адсутнасьць тэхагляду караюць штрафам ад адной (25,5 рубля) да трох базавых велічынь, за паўторнае парушэньне — да пяці базавых велічынь.