Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На суд над былым гендырэктарам будаўнічай кампаніі «Тамбаз» прыйшлі больш за 400 з 615 пацярпелых


Пацярпелыя ў справе

Суд Заводскага раёна Менску 21 жніўня пачаў разгляд крымінальнай справы былога гендырэктара СТАА «Тамбаз» Льва Хаюціна, паведамляе БелаПАН.

У справе 615 пацярпелых. Больш за 400 зь іх прыйшлі сёньня ў суд, паведаміла судзьдзя Сьвятлана Чарапанава. Людзі патрабавалі дазволіць відэаздымку ў судзе, але пракурор і абаронцы былі супраць. У выніку паводле рашэньня суда здымкі забаранілі.

Хаюціна вінавацяць у службовай халатнасьці (арт. 428 КК) і злоўжываньні ўладай або службовым становішчам (ч. 3 арт. 424 КК).

Леў Хаюцін
Леў Хаюцін

Былога гендырэктара «Тамбазу» затрымалі ў канцы 2017 году. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, у пэрыяд кіраўніцтва будаўнічай кампаніяй Хаюцін, «недастаткова ацаніўшы яе фінансавае становішча», выпускаў жыльлёвыя аблігацыі, якія прыцягваліся для будаўніцтва шматкватэрных дамоў, але прынятыя на сябе абавязацельствы кампанія ня выканала.

Хаюцін выдаткаваў сродкі, атрыманыя ад продажу жыльлёвых аблігацый і прызначаныя для фінансаваньня будаўніцтва двух жылых дамоў у комплексе «Аркадзія» ў раёне вуліцы Багдановіча ў Менску, на выкананьне абавязацельстваў кампаніі па будаўніцтве іншага жылога дома і на аплату будматэрыялаў, будаўніча-мантажных работ на іншых аб’ектах будаўніцтва. У выніку «Тамбаз» прычыніў шкоду пакупнікам жыльлёвых аблігацый на 21,5 млн рублёў.

Падчас паседажаньня суду
Падчас паседажаньня суду

6 лістапада 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 430, якім дабудоўваць жылыя дамы ў межах вуліц Багдановіча — Амурская — Тургенева — Тыражная і Багдановіча — Корш-Сабліна — Тургенева — завулак Верхні даручылі дзяржаўнаму прадпрыемству «УКБ Савецкага раёну Менску», для гэтага Менгарвыканкам выдаў зваротную бюджэтную пазыку ў 30 млн рублёў.

Таксама Хаюцін заключаў ад імя кампаніі «эканамічна немэтазгодныя ўгоды» і атрымаў ад іх грашовую выгаду, «а грамадзтва недаатрымала грашовыя сродкі, якія маглі быць накіраваныя на будаўніцтва жылых дамоў», гаварылася ў паведамленьні пракуратуры. У выніку агульную шкоду кампаніі ацанілі ў больш чым 1 млн рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG