Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыну хацеў падарыць». У Менску судзяць за крадзеж пракатнага ровару «Колабайк» 


Анатоль М.
Анатоль М.

Анатоль М. паведаміў судзьдзі, што ніколі не чуў пра сыстэму байкшэрынгу.

Суд Ленінскага раёна Менску пачаў слухаць справу аб крадзяжы пракатнага ровара. На лаве падсудных 43-гадовы кіроўца з Баранавічаў Анатоль М. Ён працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка, час ад часу прыяжджае ў Менск на грузавым аўтамабілі за таварам.

Паводле матэрыялаў справы, крадзеж пракатнага ровара адбыўся каля апоўначы 21 ліпеня на Ігуменскім тракце. Абвінавачаны ў суд прыйшоў сам, ад паслугаў адваката адмовіўся, віну прызнаў цалкам.

«Чысло не памятаю, калі гэта здарылася, — расказаў абвінавачаны. — Стаяў ровар на Ігуменскім тракце, каля кальцавой. Дзень стаяў. На другі дзень праяжджаю — зноў стаіць. Два дні стаіць, нікому не патрэбны. Стаіць і стаіць. У нас такіх няма ў Баранавічах. Ну я і вырашыў забраць. Спыніўся, кінуў у машыну і паехаў назад у Баранавічы. Я ровар хацеў сыну падарыць. Пра байкшэрынг ніколі не чуў. Калі б чуў, то лепш бы я сыну ровар сам купіў».

Ровар М. пратэставаў праз некаторы час, ён быў заблякаваны. Па словах абвінавачанага, ён зьбіраўся пазьней вырашыць гэтую праблему, аднак перашкодзілі сьледчыя, якія спынілі грузавік М. і знайшлі скрадзены ровар у яго кузаве. Яго сыну 18 гадоў.

Сьведкам на працэсе выступіў інжынэр кампаніі «Колабайк», якой належыць ровар. Ён расказаў, што праз сыстэму спадарожнікавага сачэньня ў кампаніі змаглі пабачыць, што іх ровар знаходзіцца ў Фаніпалі, а потым пачаў рухацца ў кірунку Стоўбцаў. Пасьля ў «Колабайку» вырашылі зьвярнуцца ў міліцыю.

Мапа з запісам gps-датчыка ровара
Мапа з запісам gps-датчыка ровара

Ровар, які паводле сьледзтва скраў М., быў вернуты ўласьніку цэлым. Паводле матэрыялаў суда, ён каштуе 728 рублёў 36 капеек. Гэта дазваляе разглядаць справу аб крадзяжы пракатнага ровара па частцы 1 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу (крадзеж). Яна прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам 3 гады.

Як паведаміў у залі суда прадстаўнік кампаніі «Колабайк», на дадзены момант вядома восем выпадкаў крадзяжоў пракатных ровараў.

Суд вырашыў, што М. мае выплаціць штраф у памеры 1275 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG