Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дачку экс-прэзыдэнта Ўзбэкістану завялі новыя крымінальныя справы


Гульнара Карымава, архіўнае фота
Гульнара Карымава, архіўнае фота

Генэральная пракуратура Ўзбэкістану распачала новыя крымінальныя справы ў дачыненьні да Гюльнары Карымавай — старэйшай дачкі першага прэзыдэнта краіны, нябожчыка Іслама Карымава.

Гюльнару Карымаву абвінавачваюць у крадзяжы дзяржаўных сродкаў, заключэньні ўгодаў насуперак інтарэсам Узбэкістану і завалоданьні чужой маёмасьцю ў асабліва буйных памерах шляхам вымагальніцтваў, расказвае «Настоящее время».

Карымава, сьцьвярджае Генпракуратура, завалодала акцыямі цэмэнтных заводаў, прадала іх замежным прадпрымальнікам і была заступніцай іх незаконнай дзейнасьці, а таксама пад пагрозай гвалту вымушала грамадзянаў і ўладальнікаў кампаніяў перадаваць маёмасьць ейным фірмам.

Гульнара Карымава ўжо зьяўляецца фігуранткай некалькіх крымінальных справаў аб карупцыі і адмываньні сродкаў. Справы на яе завялі ва Ўзбэкістане, ЗША і некалькіх краінах Эўропы.

Паводле сьледзтва, Карымава атрымала каля 1 млрд даляраў хабараў ад тэлекамунікацыйных і іншых кампаніяў (пераважна замежных) у абмен на гарантаванае атрыманьне ліцэнзіяў на мабільную сувязь ва Ўзбэкістане. Пасьля яна вывела гэтыя грошы за мяжу праз афшорныя кампаніі і купіла на іх больш за дзясятак вілаў і іншых аб'ектаў нерухомасьці ў розных рэгіёнах сьвету.

Частку выведзеных грошай — каля 555 млн даляраў — знайшлі на рахунках у Швайцарыі. Яшчэ каля 200 млн — на рахунках у іншых краінах. Цяпер улады Ўзбэкістану спрабуюць вярнуць гэтыя грошы ў краіну.

Пасьля прысуду Карымава некаторы час жыла пад хатнім арыштам, але ў сакавіку 2019 году яе адправілі ў калёнію ў Ташкенцкай вобласьці, абвінаваціўшы ў злосным парушэньні ўмоваў знаходжаньня пад вартай. Сама Карымава і яе дачка сьцьвярджалі, што ўмоваў арышту яна не парушала. Некалькі дзён таму адвакат Карымавай паведаміў, што стан яго падабароннай рэзка пагоршыўся і што яе вывезьлі з калёніі на машыне «хутай дапамогі». Афіцыйна ўлады Ўзбэкістану гэта пакуль не пацьвердзілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG