Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі пашанцуе


Джордж Клаўсэн «Пасадка дрэва» (1888)

Летась пасадзіў яблыньку. Адлічыў дзесяць крокаў ад старой дзедавай антонаўкі, выкапаў ямку, уткнуў тоненькі высадак, акуратна прытаптаў зямлю.

Ноччу наляцеў моцны вецер, нарабіў спраў. Зранку вяскоўцы аглядаюць шкоду — абарваныя драты, паламаныя полікарбанатныя цяпліцы.

Маладое гнуткае дрэўца ад ветру не пацярпела. Дзедава антонаўка, падагнуўшы цяжкія галіны, ляжыць на зямлі.

— Пашанцавала! — гукае праз плот сусед, паказвае рукой на пуню, — бачыш, мне шыфэр сарвала.

Я задуменна гляджу на суседзкую страху, заліваю ў маторную пілу паліва, нетаропка падыходжу да паваленага дрэва.

Мінуць гады — гісторыя паўторыцца. Вецер зломіць мой пасталелы высадак, а яшчэ ненароджаны ўнук, адлічыўшы дзесяць крокаў, пасадзіць побач маладую яблыньку.

Вядома, калі пашанцуе.

Сяргей Машанскі

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG