Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў галоўнага ідэоляга сваёй адміністрацыі. Хто ён і што казаў пра беларускую мову?

абноўлена

Андрэй Кунцэвіч
Андрэй Кунцэвіч

Аляксандар Лукашэнка 19 жніўня прызначыў Андрэя Кунцэвіча намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Кунцэвіч будзе курыраваць пытаньні ідэалёгіі, грамадзкія аб’яднаньні і сродкі масавай інфармацыі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«Часу на разварушваньне няма. Таму што перадвыбарная кампанія — гэта і вялікая ідэалягічная работа. А вам давядзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалягічнай працы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, наўпрост скажу, лекцыямі ў ВНУ», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, трэба сустракацца з моладзьдзю і расказваць пра палітыку, якую праводзіць дзяржава, «бо наша моладзь, у інтэрнэце якая сядзіць, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы, а калі і прачытае, дык часьцяком усё навыварат перавернута».

«Інтэрнэт — гэта таксама будзе сфэра ў нейкай ступені вашай адказнасьці. І ня з пункту гледжаньня ўсё закрыць і забараніць. А выкласці пазыцыю ўлады, пазыцыю прэзыдэнта», — сказаў Лукашэнка.

Хто такі Кунцэвіч?

Андрэй Кунцэвіч нарадзіўся ў Магілёве. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Журналістыка», у 2007 годзе — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце (спэцыяльнасьць «Дзяржаўнае кіраваньне і ідэалёгія»).

Працаваў загадчыкам аддзелу лістоў рэдакцыі раённай газэты «Зара над Друцьцю» (Бялынічы), пасьля — рэдактарам гэтага выданьня. З 2009 па 2011 г. займаў пасаду намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму, з 2011 па 2013 год — начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму. З 2013 па 2016 год працаваў намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, з 2016 па 2017 год — начальнікам галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкаму. Са студзеня 2017 году быў на пасадзе намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, адказваў за пытаньні ідэалёгіі, культуры, а таксама ўзаемадзеяньне зь сілавымі органамі.

«З майго пункту гледжаньня, ідэалягічная праца была актуальнай заўсёды. Час паказаў, што сёньня гэта вельмі важна, гэта запатрабавана ня толькі ўладай, але і людзьмі», — сказаў Кунцэвіч пасьля прызначэньня, піша БЕЛТА.

Лічыць беларускую мову нацыянальным багацьцем

У 2015 годзе Андрэй Кунцэвіч даў інтэрвію Свабодзе, дзе выступаў супраць палітызацыі беларускай мовы. Некалькі цытат адтуль:

  • «Беларуская мова не павінна быць прыкметай нейкай асобнай палітычнай сілы альбо структуры, хоць на сёньняшні дзень падобная сытуацыя мае месца».
  • «Беларуская мова — гэта нацыянальнае багацьце. Гэта тое, чым павінен валодаць і ганарыцца кожны, хто жыве ў Беларусі»;
  • «Я б ня ставіў знак роўнасьці між паняцьцямі „патрыёт“ і „беларуская мова“. Так, беларусы мусяць ведаць беларускую мову і ёй карыстацца. Але калі ў чалавека няма жаданьня гэтак рабіць, то ён ад гэтага не становіцца не патрыётам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG