Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Kolobike: На наступны год плянуем беларускую вэрсію, а пост пра мову — чыясьці правакацыя


Ровар Kolobike
Ровар Kolobike

«Адказ будзе па-расейску [ ] каб больш чытачоў маглі лепш зразумець», — такі допіс у твітэры кампаніі пракату Kolobike. by абурыў учора карыстальінкаў сацыяльных сетак. Дырэктар Вадзім Осіпчык распавёў Свабодзе, што насамрэч здарылася.

Калі коратка, то акаўнт, дзе было напісана пра ігнараваньне беларускай мовай, фэйкавы. Так заявіў Свабодзе Вадзім Осіпчык. Па ягоных словах, Kolobike увогуле не прадстаўлены ў твітэры. Ёсьць толькі тры афіцыйныя старонкі, пазначаныя на сайце кампаніі па пракаце ровараў.

«Учора адкрыў фэйсбук і не зразумеў, што адбываецца, — кажа Вадзім Осіпчык. — Гэта поўная лухта і чыясьці правакацыя».

Кампанія ўжо напісала зварот у твітэр, каб заблякаваць профіль kolobike_by. Таксама Вадзім Осіпчык будзе зьвяртацца ў праваахоўныя органы, бо лічыць што кампаніі нанесеная маральная шкода і шкода рэпутацыі. А гандлёвы знак і лягатып кампаніі незаконна выкарыстоўваюцца.

«На афіцыйных старонках такой сытуацыі не было б, вядома, — кажа дырэктар Kolobike. — Чалавек, які вядзе нашыя сеткі, ён сам хутчэй пяць разоў выбачыцца, але не дапусьціць абразы».

Фэйкавыя акаўнту ў Kolobike былі і раней. Вадзім Осіпчык лічыць, іх ствараюць каб зарабіць грошай на папулярным брэндзе. Напрыклад, профіль у інстаграме Kolobike.by зьявіўся раней за афіцыйны, які быў вымушаны назвацца Kolobike_minsk. Уласьнікі фэйкавага акаўнта зьвярталіся ў кампанію і прапаноўвалі прадаць імя за 400 даляраў.

Аднак раней фэйкавыя акаўнты не наносілі сур'ёзнай рэпутацыйнай шкоды, як гэта здарылася ўчора. У фэйсбуку, прынамсі, у кампаніі адразу зьявілася шмат нэгатыўных водгукаў і цяпер рэйтынг старонкі складае 1,4 з 5.

«Мы ж самі адсюль, я цудоўна ведаю мову, чытаю па-беларуску. Сам не размаўляю, але захапляюся, як іншыя прыгожа размаўляюць. Вядома, што такой лухтой (ігнараваньнем беларускамоўных — РС) ня будзем займацца», — сказаў Вадзім Осіпчык.

Ён таксама дадаў, што што калі будзе запыт, то для аплікацыі зробяць і беларускую вэрсію.

«Ня сёлета, але ў наступным годзе гэта магчыма».

Пакуль у камэнтарах ад імя кампаніі выступае вядомы бізнэсоўца Андрэй Гусараў. Па словах Вадзіма Осіпчыка, той ня мае дычыненьне да Kolobike. З Гусаравым была дамоўленасьць на стварэньне першапачатковага кантэнту і інфармацыйнай хвалі. Але толькі падчас запуску. Ад ліпеня ён не супрацоўнічае з кампаніяй і ня можа прадстаўляць інтарэсы Kolobike, кажа Вадзім.

«Гэта была разавая акцыя, пра суправаджэньне гаворкі не йшло. Але ў мяне ўражаньне, што ён хацеў за наш кошт папіярыцца. Таксама мяне зьдзівіла ягоная публікацыя, праз тое, што мы на мяжы закрыцьця. Бо такой сытуацыі не ўзьнікала. У нас устойлівы прырост кліентаў».

Сытуацыю вакол беларускай мовы Вадзім Осіпчык лічыць замовай супраць кампаніі.

«Ніякай дыскрымінацыі мовы ня можа быць. Мы будзем дамагацца, каб людзі, якія стаяць за фэйкавымі акаўнтамі, былі прыцягнутыя да адказнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG