Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін езьдзіў з «Начнымі ваўкамі» па анэксаваным Крыме, пакуль у Маскве ішлі пратэсты


Уладзімір Пуцін падчас мотапрабегу з байкерамі з «Начных ваўкоў». 10 жніўня 2019 году
Уладзімір Пуцін падчас мотапрабегу з байкерамі з «Начных ваўкоў». 10 жніўня 2019 году

10 жніўня 2019 году, калі на акцыю пратэсту ў Маскве выйшлі больш за 50 тысяч чалавек (паводле ацэнак «Белага лічыльніка»), прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў удзел у мотапрабегу з байкерамі з «Начных ваўкоў». Яны праехаліся па анэксаваным Крыме.

Уладзімір Пуцін кіраваў матацыклам «Урал» з расейскім сьцягам і каляскай, у якой сядзеў кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў. Побач з Пуціным на іншым матацыкле ехаў байкер Аляксандр Залдастанаў, вядомы як Хірург. На сьцягу у Залдастанова, як адзначае BBC, можна было бачыць дзіўны знак, які становіць сабою гібрыд гербаў СССР і Расеі.

Міністэрства замежных справаў Украіны ўжо выказала пратэст у сувязі з паездкай Пуціна ў Крым, назваўшы яе «грубым парушэньнем расейскім бокам» сувэрэнітэту Ўкраіны.

Падчас буйной акцыі пратэсту 27 ліпеня 2019 году ў Маскве Пуцін апускаўся ў батыскафе на дно Фінскае затокі. Дзе ён быў падчас пратэстаў 3 жніўня, невядома.

Акцыі пратэсту ў Маскве з патрабаваньнем дапусьціць да ўдзелу ў выбарах у Маскоўскую думу незалежных кандыдатаў працягваюцца з 14 ліпеня. 27 ліпеня і 3 жніўня пратэстоўцаў зьбівалі і затрымлівалі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАП, а некалькіх з сотняў затрыманых абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Цяпер абвінавачанымі ў крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» і «гвалце ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады» ёсьць 13 чалавек.

Мітынг 10 жніўня быў узгоднены з уладамі, але пасьля яго заканчэньня людзей затрымлівалі ў цэнтры Масквы. Паводле праваабаронцаў, на акцыях ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску затрыманыя агулам 325 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG