Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каты ня менш разумныя, чым сабакі


Сабака Рубін і кот Рамзэс сям’і Яна і Галіны Максімюкоў

Сёньня якраз выпадае Дзень ката. Каб неяк адзначыць гэтую нагоду, я прапаную некалькі высноваў пра каціны розум на фоне сабачага — высноваў, абапертых на суб’ектыўных сямейных назіраньнях і аб’ектыўных навуковых дасьледаваньнях.

Актуальнасьць каціна-сабачай тэмы

Актуальная гэта тэма ці не? Калі хтосьці мае дома ката або сабаку, або, як я, два каты і сабаку, ён несумненна адкажа на гэтае пытаньне «так». А тыя, якія не гадуюць ні ката, ні сабакі? Мяркуючы па тым, колькі лайкаў зьбіраюць фоткі коцікаў і сабачак у сацыяльных сетках, я магу зь вялікай доляй упэўненасьці сказаць, што гэтая тэма не пакідае абыякавымі і такіх, якія пакуль не завялі сабе ні ката, ні сабакі.

Рубін
Рубін

Лічу, што пытаньне — хто разумнейшы, кот ці сабака? — актуальнае ўвесь час, не ад учора і не ад пазаўчора, але, можна сказаць, спакон веку. Нарэшце, у дваццаць першым стагодзьдзі, мы дачакаліся: на гэтае пытаньне дала свой адказ навука.

Адказ знаходзіцца ў артыкуле пад назвай «У якім сэнсе сабакі асаблівыя? Сабачая пазнавальная здольнасьць у параўнаўчым аспэкце». Артыкул апублікаваны ў навуковым часопісе «Learning and Behavior» («Навучаньне і паводзіны»). Яго напісалі брытанскія псыхолягі Стывэн Лі і Брыта Остгаўс. Скажу адразу — кожны ўладальнік сабакі і ката павінен прачытаць гэты тэкст, калі ён хоча ўбачыць свой і сабача-каціны сьвет у адэкватнай пэрспэктыве. Ну, а калі хтосьці ня хоча чытаць навуковы часопіс, дык можа пачытаць мой лёгкаважкі тэкст…

Рамзэс, Піліпка і Рубін

У нашай сям’і жыве кот Рамзэс. Разам з другім катом, Піліпкам, і сабакам Рубінам.

Піліпка і Рамзэс
Піліпка і Рамзэс

Рубіну адзінаццаць гадоў, і ён амаль ня брэша. Ні на сваіх, ні на чужых. Нават на іншых сабак ня хоча брахаць. Фактычна, ён перастаў брахаць у сваім дзяцінстве, калі мы толькі прывезьлі яго, чатырохмесячнага, ад гаспадара, які нам прадаў шчанюка. Рубін — пародзісты сабака, залаты рэтрыўр. Народ чамусьці думае, што калі ўжо хто сабака, то яму конча трэба брахаць. Я, прызнаюся шчыра, удзячны свайму сабаку Рубіну, што ён амаль ня брэша. Калі што, яшчэ раз паўтару назву пароды: залаты рэтрыўр (golden retriever).

ОК, пакінем на нейкі час гэты сямейны суб’ектывізм і пяройдзем да навукі, да згаданага артыкулу, які нарэшце даў адказ на адвечнае пытаньне — хто больш кемны, кот ці сабака?

Сабакаў заўсёды пераацэньвалі

Галоўная выснова з артыкулу з назвай «У якім сэнсе сабакі асаблівыя?» такая, што яны — не асаблівыя ні ў якім сэнсе.

Аўтары параўналі тры сотні дасьледаваньняў пра пазнавальную здольнасьць сабак і іншых зьвяроў, якія ўваходзяць, так сказаць, у сабачую катэгорыю — то бок хатніх або дзікіх драпежнікаў, якія палююць у адзіночку або ў грамадзе. Выснова згаданых брытанскіх псыхолягаў адназначная: сваёй пазнавальнай здольнасьцю і розумам сабакі нічым асаблівым не выдзяляюцца, калі параўнаць гэта з пазнавальнай здольнасьцю катоў, ваўкоў, плямістых гіенаў, шымпанзэ, дэльфінаў, коней ці нават галубоў! Коней і галубоў! Вы чулі? Вось вам і на!

Хтосьці можа тут запытацца: калі так, дык чаму ж народ ва ўсім сьвеце да гэтага часу так моцна памыляўся і жыў без прасьвятленьня адносна розуму сабак і катоў?!

Рубін
Рубін

Аказваецца, як сьцьвярджае навука псыхалёгія вуснамі згаданых брытанцаў, народ заўсёды пераацэньваў сабак, бо зь імі было больш валтузьні, чым з катамі. Людзі спачатку мусілі сабак прыручыць, а потым нагадавалі шмат розных пародаў — гэтыя для паляваньня, тыя для пільнаваньня дому, гэтыя пасьвіць авечак і кароў, тыя проста брахаць, а яшчэ іншыя зусім нічога не рабіць.

А вось каты лічыліся спакон веку значна горшым сортам драпежнікаў. Калі і палявалі, дык на нейкую дробную дрэнь: мышэй, пацукоў, птушыных пісклянят, часам на вужак. Таму іх і не ацанілі як сьлед.

А што аказваецца цяпер, у сьвятле навукі?! Розумам каты не саступаюць сабакам!

Але гэта ня ўсё.

Пакуль аднак сказаць усё, я пазнаёмлю вас больш падрабязна з нашымі каціна-сабачымі сямейнікамі…

Дармаедзтва як наканаваньне

Піліпка наогул сьпіць у пакоі дачкі, але на досьвітку прачынаецца і прыходзіць паспаць з гадзіну ў спальні гаспадароў. Топча па жонцы і па мне да таго часу, пакуль яго не палашчым дасыта, а потым кладзецца паспаць на падушачку, падрыхтаваную якраз да ягоных візытаў. Дрэмле і вуркоча. Лішне казаць, што гэтая гадзіна на сьвітаньні — ад пятай да шостай — гэта ўжо не спаньнё для мяне.

Калі я гляджу на жыцьцё нашых сямейных катоў, шляхетнага мэйн-куна Рамзэса, і Піліпкі, ката неакрэсьленага гербавага паходжаньня, то мушу сказаць, што я поўнасьцю пагаджаюся з высновай брытанскіх псыхолягаў. Каты ня могуць быць менш кемныя за сабакаў.

Піліпка
Піліпка

Рамзэс сьпіць гадзін васямнаццаць на суткі. Мяўкае толькі тады, калі справіць патрэбу. Рамзэс нікуды не сьпяшаецца, не падлашчваецца да нашага сабакі, як Піліпка, дый наогул на нікога не зьвяртае ўвагі. Жонка і дачка лашчаць яго і прытуляюць, але ён заўсёды мае аднолькава абыякавы выгляд. Гэта проста дармаед, ідэальны, непахісны і стоадсоткавы. Да таго, Рамзэс ніколі не выходзіць па-за межы нашага невялічкага садочка. Увесь сьвет для яго заключаецца хутчэй у ім самім, а не ў навакольнай прыродзе.

Гэты наш мэйн-кун жыве паўнатой свайго жыцьця без найменшага лішняга намаганьня. Паеў, паспаў, падражніў сучку суседзяў праз агароджу, потым зноў паспаў, паеў…

А вось у нашага сабакі Рубіна кола зацікаўленьня і актыўнасьці заўважна шырэйшае. Ён, напрыклад, уранку і ўвечары абнюхвае і абсіквае мноства кустоў і платоў у нашай вёсцы.

Меншы кот, Піліпка, у нас больш жыцьцядзейны, чым Рамзэс, але і ён, як мне здаецца, актыўнічае не ад недахопу розуму ці пазнавальнай здольнасьці, а якраз ад іх лішку. І гэты ягоны драйв усё вынюхаць, усюды ўсадзіць свой нос, пакуль што перавышае яго мэдытатыўную схільнасьць, якая так выразна назіраецца ў Рамзэса. Але я ня маю ніякіх сумневаў, што Піліпка, калі ня скруціць сабе карк, лазячы па дахах у нашай вёсцы, пачне з часам сузіраць жыцьцё і сваю ролю ў ім з такой дармаедзкай пэрспэктывы, як цяпер Рамзэс.

Хто каго прыручыў?

Ну, а цяпер я скажу пра тое згаданае ўсё, гэта значыць, пра другую важную рэч, якую апошнім часам асьвятліла навука пра катоў. Аказваецца, навукоўцы лічаць, што ў адрозьненьне ад сабак, якіх чалавек прыручыў і вучыў адпаведным паводзінам на працягу даволі доўгага часу, каты прыручыліся самі! Зьдзіўленыя? Я — не. Гэта проста дадатковы доказ, зь якімі пракаветнымі хітрунамі мы маем дачыненьне.

Я працытую яшчэ адзін часопіс. Навуковы, безумоўна. Часопіс называецца Nature Ecology & Evolution (прыблізна, «Экалёгія ў прыродзе і эвалюцыя»). У ім больш за 30 аўтараў падпісаліся пад артыкулам з загалоўкам «Палеагенэтыка распаўсюджаньня катоў у старажытным сьвеце».

Рамзэс
Рамзэс

Збольшага, рэч у артыкуле пра тое, як выглядаў набор генаў катоў, якія жылі ў старажытныя часы у Мэсапатаміі і ў Эгіпце, калі параўнаць яго з генатыпам сучасных вуркоцікаў. Аналізуючы генатып парэшткаў старажытных катоў з сучаснымі генатыпамі хатніх і дзікіх катоў, дасьледчыкі ўбачылі, што ён насамрэч няшмат зьмяніўся за апошнія дзевяць тысяч гадоў.

З гэтага яны зрабілі першую выснову: сутыкненьне дзікага ката з чалавекам насамрэч не было такім траўматычным перажываньнем, як сутыкненьне з чалавекам ваўкоў і дзікіх сабак.

Другая выснова навукі такая: паколькі каціныя гены амаль не зьмяніліся, дык каты насамрэч самі прыручыліся, то бок самі прысталі да чалавека. Адаптацыя да супольнага жыцьця з чалавекам не паўплывала на зьмены ні ў іх генах, ні ў іх характары.

Піліпка
Піліпка

Чаму каты вырашылі прыстаць да чалавека? Таму што чалавек вырошчваў збожжа, на якое пасуць лапкі грызуны, а грызуны — гэта ж прысмак катоў. І каб усім, акрамя грызуноў, было ўлежна і ўежна, каты прыручыліся, каб занадта не турбавацца, дзе і як здабываць ежу. А людзі сказалі — ОК, калі вы, каты, хочаце лавіць мышэй, то жывіце з намі.

Ну, каб гэта напісаў адзін чалавек, дык можна было б думаць, што ён памыляецца. Але каб адразу трыццаць?! Дзеля навуковай дакладнасьці адзначым, што каціны гены усё ж крыху памяняліся, недзе ў сямнаццатым стагодзьдзі. Тады зьявіліся палоскі на кацінай поўсьці. Раней паласатых катоў і кошак не было.

Дзеля поўнай карціны дадам, што абодва нашы сямейныя каты — рыжыя. Але Піліпка мае паласатую поўсьць, а Рамзэс — не.

Summa summarum

Такім чынам, мы падышлі да summa summarum нашых сёньняшніх развагаў.

  • Ваш сабака не такі ўжо геній, нават калі параўнаць яго з катом.
  • Ваш кот не такі ўжо дурань, нават калі параўнаць яго з сабакам.
  • Гэта, магчыма, усё роўна, калі глядзець на пытаньне з навуковага пункту гледжаньня — хто разумнейшы, кот ці сабака? Але з суб’ектыўнага пункту гледжаньня — я лічу, нарэшце ўсталявалася пэўная жыцьцёвая справядлівасьць…
  • Гэтую выснову я падам у форме цытаты з клясыка: Калі вы ніколі не любілі ніякага зьвера, частка вашай душы застаецца не прабуджанай. Гэтак некалі напісаў францускі пісьменьнік Анатоль Франс.

З Днём ката вас, шаноўныя!

Ян Максімюк з Рамзэсам
Ян Максімюк з Рамзэсам

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG