Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Міхаіл Жамчужны скардзіцца на праблемы са здароўем: выпадаюць зубы


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

У лісьце праваабаронцам Міхаіл Жамчужны паведамляе аб праблемах са здароўем і піша, што за час знаходжаньня ў ізалятары не атрымаў ніводнага ліста ці газэты, паведамляе «Віцебская Вясна».

Ад недахопу вітамінаў у палітвязьня пачалі крывавіць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць зусім здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сымптаматычна — антыбіётыкамі і болесуцішальнымі сродкамі.

За 2 апошнія гады Жамчужны падаў 9 заяў на набыцьцё вітамінаў, але ніводная зь іх не была разгледжаная ні начальнікам мэдчасткі, ні тэрапэўтам, ні начальнікамі атраду і калёніі, піша вязень. Скаргі, накіраваныя ва ўпраўленьне аховы здароўя Магілёўскай вобласьці, у абласныя і рэспубліканскія органы выкананьня пакараньня, таксама вынікаў не далі.

Падобныя ўмовы ўтрыманьня не адпавядаюць «Мінімальным стандартным правілам абыходжаньня са зьняволенымі», прынятымі ААН, лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

«Яшчэ адна праблема — недастатковая колькасьць кальцыю ў арганізьме. Гэта можа справакаваць хваробы касьцей і лімфы», — кажа праваабаронца.

У зьняволеньні Жамчужны працягвае навуковую працу:

«Завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых мэтадаў палёту апаратаў, цяжэйшых за паветра, з гнуткім крылом. Гэта новыя і прарыўныя дасягненьні высокага ўзроўню», — піша ў лісьце віцебскім праваабаронцам Міхаіл Жамчужны.

Пасьля таго, як Жамчужны 70 сутак правёў у штрафным ізалятары, адміністрацыя папраўчай калёніі № 9, дзе ён адбывае пакараньне, перавяла яго на адзін месяц у памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Хто такі Жамчужны

  • Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
  • У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
  • У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
  • У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
  • Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
  • Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19.
  • Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
  • На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG