Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад, які ня хоча быць кітайскім. Чаму пратэсты ў Ганконгу ня маюць вялікага сэнсу


У Ганконгу адбыўся першы за паўстагодзьдзя генэральны страйк. Не працавала мэтро, былі адмененыя сотні рэйсаў. Але большасьць жыхароў гораду ўсё роўна падтрымлівае акцыі пратэсту, якія працягваюцца дзевяць тыдняў. Хаця вялікага сэнсу яны ня маюць.

Што такое Ганконг

​Ганконг — аўтаномная тэрыторыя Кітаю, якая раней належала Вялікабрытаніі. У 1997 годзе, пасьля 99 гадоў брытанскага кіраваньня, Лёндан дамовіўся з Пэкінам, што перадае гэтую адміністрацыйную адзінку КНР, але з адной умовай — да 2047 года Ганконг будзе захоўваць аўтаномію.

Супраць чаго пратэстуюць людзі

Дэманстранты выступаюць супраць магчымасьці перадачы жыхароў Ганконгу ў КНР. Сёньня экстрадыцыя немагчымая. Але ў чэрвені кіраўніца тэрыторыі Кэры Лэм ініцыявала закон, які дазваляе абыходзіць дамову кітайцаў з брытанцамі.

Хто арганізаваў страйк

Адна з фінансавых сталіц сьвету спынілася на заклік мясцовай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Тыя, хто хацеў у панядзелак даехаць на працу, мелі шмат клопатаў. Ля ўваходу ў вагоны мэтро актывісты блякавалі ўваход і культурна тлумачылі, што паездка не адбудзецца. Ранкам не працавала восем зь дзесяці лініяў мэтро, у тым ліку і хуткая чыгунка на лётнішча. Там страйкавала частка пэрсаналу, вынікам чаго стала адмена сотняў рэйсаў.

Колькі людзей прынялі ўдзел у страйку

Арганізатары сьцьвярджаюць, што ў страйку ўзялі ўдзел 14 тысячаў валянтэраў, якія прадстаўляюць 20 прафэсіяў. Гэта былі самыя актыўныя ўдзельнікі. Але ў самім страйку прыняло ўдзел у разы больш жыхароў Ганконгу. На мітынгі і пікеты прыйшлі чыноўнікі, сацыяльныя працаўнікі кіроўцы гарадзкіх аўтобусаў, а нават частка пэрсаналу Дыснэйлэнду.

Як усё праходзіла

​Цягам дня ў Ганконку зьявіліся барыкады, якія паліцыя спрабавала разабраць. Пратэстоўцы акружылі некаторыя ўрадавыя будынкі і пастарункі. Людзі страйкавалі на вуліцах, у парках і гандлёвых цэнтрах. Адбываліся масавыя мітынгі і кропкавыя дэманстрацыі.

Шмат дзе ў горадзе панавала атмасфэра пікніку. Пад сядзібай упраўленьня гораду пратэставалі 1,6 тысяч прадстаўнікоў мастацтва: кінатворцы, музыкі і дызайнэры. Але ў некаторых месцах адбыліся сутыкненьні з паліцыяў. Пратэстоўцы кідаліся ў паліцыянтаў цэглаю, каменьнямі і яйкамі. Тыя адказвалі сьлезацечным газам.

Што кажуць улады

Адміністрацыяй Ганконгу кіруе Кэры Лэм. Менавіта яна ініцыявала закон аб экстрадыцыі, які выклікаў пратэсты. Нязгодныя жыхары гораду лічаць яе марыянэткай Пэкіну.

На прэс-канфэрэнцыі яна заявіла, што запэўніць у Ганконгу стабільнасьць і не зьбіраецца ісьці на саступкі. Лэм таксама папярэдзіла, што пратэсты пагражаюць існаваньню аўтаноміі.

Ад пачатку пратэстаў у Ганконгу затрымалі 500 чалавек. Тым, каго абвінавацяць у беспарадках, пагражае да 10 гадоў турмы.

Чаму пратэсты ня маюць сэнсу

У 2047 годзе Ганконг страціць аўтаномію і ўсё роўна стане цалкам кітайскай тэрыторыяй, зь яе законамі і парадкамі. Магчымай стане ня толькі дэпартацыя, супраць якой пратэстуюць жыхары Ганконгу, але ўніфікуюцца і іншыя законы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG