Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША дала грант на курсы шпітальных клоўнаў у абласных цэнтрах Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне «Бальнічныя клоўны Фані ноўз» адкрыла набор на бясплатныя курсы падрыхтоўкі шпітальных клоўнаў у абласных цэнтрах Беларусі, якія пройдуць у жніўні-лістападзе, паведамляе БелТА.

Паспрабаваць сябе ў ролі шпітальнага клоўна запрашаюць людзей розных прафэсій ва ўзросьце ад 21 году. Каб трапіць на курсы, трэба запоўніць анкету.

Клоўны «Фані ноўз» дапамагаюць у рэабілітацыі дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэньні, праз клаўнаду, арт- і гульнявую тэрапію: ня лекамі, а пазытыўнымі эмоцыямі. Яны дапамагаюць дзецям зьменшыць страх і трывогу падчас знаходжаньня ў лякарні (напрыклад, перад апэрацыяй), павысіць матывацыю да лячэньня, пазнаёміцца зь іншымі пацыентамі, стварыць творчую гульнявую прастору.

Курс разьлічаны на чатыры дні, сустрэчы будуць праходзіць па выходных:

  • 17-18 і 24-25 жніўня — у Горадні,
  • 24-25, 31 жніўня і 1 верасьня — у Берасьці,
  • 21-22 і 28-29 верасьня — у Гомлі,
  • 19-20 і 26-27 кастрычніка — у Віцебску,
  • 2-3 і 9-10 лістапада — у Магілёве.

У праграму ўваходзяць:

  • тэорыя: аб псыхалёгіі хворага дзіцяці, прынцыпах і правілах працы клоўна ў стацыянары,
  • практычныя заняткі акторскім майстэрствам, тэмпарытмам, клаўнадай, пантамімай, музычнай імправізацыяй (магчымыя выхады ў стацыянар разам са спрактыкаванымі шпітальнымі клоўнамі).

Заняткі будуць праходзіць у займальнай форме. Пасьля заканчэньня заняткаў самыя ініцыятыўныя курсанты змогуць стаць шпітальнымі клоўнамі і часткай каманды «Фані ноўз».

Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы праграмы малых грантаў амбасады ЗША ў Беларусі.

Дабрачыннае грамадзкае абʼяднаньне «Бальнічныя клоўны Фані ноўз» у Беларусі разьвіваецца з 2009 году. Першы філіял адкрыўся ў Гомлі. Цяпер «Фані ноўз» абʼядноўвае энтузіястаў, якім неабыякавы лёс дзяцей, у Менску, Горадні, Берасьці, Магілёве і Віцебску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG