Выбух ля анкалягічнага цэнтру ў сталіцы Эгіпту ў ноч на 5 жніўня забраў жыцьці 19 чалавек, сама меней 32 чалавекі пацярпелі, паведамляюць улады краіны.
Міністэрства ўнутраных спраў Эгіпту ў сваёй заяве 5 жніўня паведаміла, што прычынай выбуху стаў аўтамабіль, які ехаў супраць руху і сутыкнуўся з трыма іншымі машынамі. На відэа зь месца здарэньня відаць ахопленыя агнём аўтамабілі.
Пакуль невядома, была гэта выпадковасьць ці наўмысны напад.
Міністэрства аховы здароўя таксама заявіла, што ў выніку выбуху пашкоджаны будынак Нацыянальнага інстытуту раку.
У канцы ліпеня авіякампаніі Lufthansa і British Airways абвясьцілі пра часовае спыненьне палётаў у Каір, патлумачыўшы гэты захад клопатам пра бясьпеку пасажыраў. Падрабязнасьці аб прычынах гэтага кроку авіякампаніі не паведамілі.