Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе затрымалі банду, якую падазраюць у падпале беларускага заводу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінская паліцыя затрымала банду, якую падазраюць у падпале асфальтабэтоннага завода беларускай кампаніі «Будаўніча-мантажны трэст № 8», якая ўваходзіць у склад холдынгу «Белаўтадор». Расьследаваньне знаходзілася на кантролі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Пра затрыманьне траіх удзельнікаў банды перадае БелПАН са спасылкай на адзьдзел камунікацыі паліцыі Мікалаеўскай вобласьці.

У 2018 годзе беларуская кампанія выйграла тэндэр на будаўніцтва і рамонт дарог у Мікалаеўскай вобласьці, пісала Свабода. Прадпрыемства разьмяшчаецца ў раённым цэнтры Новы Буг. Падпал адбыўся ў ноч на 22 лютага 2019 года. Тады зламысьнікі атруцілі сабак, затым зьбілі і зьвязалі ахову і падпалілі пульт кіраваньня, шчытоў і генэратар.

Паводле словаў кіраўніка абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксея Саўчанкі, асноўнай мэтай зламысьнікаў было зьнішчэньне завода, каб ён ня змог запусьціцца з пачаткам будаўнічага сэзону.

«Яны выразна ведалі, што трэба было пашкодзіць, каб спынілася вытворчасьць асфальтабэтону», — казаў Саўчанка.

Праваахоўнікі распачалі расьследваньне па артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны: «Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці» і «Незаконнае пазбаўленьне волі». Беларуская амбасада ў Кіеве накіравала ноту ва ўкраінскі МЗС у сувязі з падпалам і зьнішчэньнем маёмасьці завода.

Расьследаваньне знаходзілася на кантролі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

«Як і было абяцана начальнікам ГУНП (галоўнае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі. — БелаПАН.) на працягу двух тыдняў праваахоўнікі раскрылі азначанае злачынства», — адзначаецца ў рэлізе.

Праваахоўнікі затрымалі малодшых падазраваных, старшы знаходзіцца ў вышуку. Падчас ператрусаў адзін зь фігурантаў спрабаваў зьбегчы праз акно чацьвёртага паверха па зьвязаных прасьцінах.

«У бліжэйшы час зламысьнікам будзе аб’яўлена падазрэньне, і судом будзе выбрана мера стрыманьня», — гаворыцца ў рэлізе паліцыі.

Фігурантам крымінальнай справы пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG