Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп увёў новыя санкцыі за парушэньне закону аб хімічнай зброі


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да краіны, якая парушыць закон аб кантролі над хімічнай і біялягічнай зброяй.

  • Раней кангрэсмэны заклікалі амэрыканскага лідэра ўвесьці супраць Расеі новыя санкцыі за выкарыстаньне забароненых сродкаў пры замаху на былога супрацоўніка расейскай вайсковай выведкі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў Солсбэры.

Дакумэнт, тэкст якога быў распаўсюджаны ў чацьвер, загадвае міністру фінансаў ЗША і дзяржсакратару прымаць меры для ўвядзеньня санкцый, апісаных у законе. Яны павінны:

1) супрацьстаяць спробам даваць краіне-парушальніку любую пазыку, фінансавую або тэхнічную дапамогу;

2) забараніць любому банку ЗША даваць пазыкі і крэдыты ўраду краіны, злоўленай на парушэньні закону аб хімічнай і біялягічнай зброі. У дакумэнце адзначаецца, што гэтая мера не распаўсюджваецца на пазыкі і крэдыты з мэтай набыцьця прадуктаў харчаваньня і сельскагаспадарчых тавараў.

Пры гэтым у дакумэнце не пазначаныя якія-небудзь канкрэтныя дзяржавы. Выданьне Politico са спасылкай на крыніцы ў Белым доме піша пра тое, што Трамп увёў санкцыі менавіта супраць Расеі, аднак афіцыйна пра гэта не абвешчана.

У жніўні летась Дзярждэпартамэнт ЗША увёў у дачыненьні да Расеі першыя санкцыі ў сувязі з абвінавачваньнем у датычнасьці да атручэньня Скрыпалёў у Солсбэры. Была, у прыватнасьці, уведзеная забарона на перадачу Расеі пэўных тэхналёгій, продаж ёй зброі і аказаньне вонкавай дапамогі. Вашынгтон запатрабаваў ад Масквы прадставіць доказы таго, што Расея не выкарыстоўвае хімічную зброю, і дапусьціць інспэктараў на свае аб’екты, зьвязаныя з хімічнай і біялягічным зброяй.

У выпадку невыкананьня гэтых патрабаваньняў дакумэнт прадугледжваў увядзеньне больш жорсткіх санкцый. У лік меркаваных абмежавальных мер другога этапу ўвайшлі забароны на экспарт і імпарт, а таксама на палёты расейскіх авіякампаній у ЗША, супрацьдзеяньне атрыманьню Расеяй сродкаў ад міжнародных арганізацый, скарачэньне дыпляматычных адносін і забарона на банкаўскае крэдытаваньне расейскага ўраду.

  • У сакавіку 2018 году былы начальнік аддзелу кадраў расейскага ГРУ Сяргей Скрыпаль, які супрацоўнічаў з брытанскай выведкай, і яго дачка Юлія былі атручаныя ў ангельскім горадзе Солсбэры. Паводле вэрсіі сьледзтва, на іх маглі зрабіць замах былыя калегі Скрыпаля.
  • Расея дачыненьне да атручэньня Скрыпалёў адмаўляе і патрабуе дапусьціць яе прадстаўнікоў да расьсьледаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG